Адзін зь лёзунгаў традыцыйнай першатравеньскай дэманстрацыі, якая прайшла сёньня ў Варшаве, быў даволі незвычайны, як на такое мерапрыемства: удзельнікі акцыі патрабавалі вызваліць Аляксандра Казуліна. У сьвяткаваньні ўзялі ўдзел і прадстаўнікі кіраўніцтва Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксей Кароль і Валер Фралоў.
У часе мітынгу перад пачаткам дэманстрацыі ў гонар сьвята працы былы сьпікер польскага Сэйму і лідэр Польскай сацыял-дэмакратычнай партыі Марак Бароўскі зачытаў зварот Кааліцыі левых партыяў і дэмакратаў да беларускіх уладаў з патрабаваньнем неадкладна вызваліць Аляксандра Казуліна і іншых палітвязьняў.
«Першага траўня — гэта таксама барацьба за грамадзянскія правы. Зусім недалёка ад нас, у Беларусі, людзі ня могуць карыстацца дэмакратычнымі свабодамі так, як гэта робім мы ў Польшчы», — сказаў Бароўскі.
Удзельнікі мітынгу воплескамі ўхвалілі зварот у пытаньні Казуліна.
Аляксей Кароль зьвярнуўся да ўдзельнікаў мітынгу са словамі падзякі за салідарнасьць і падтрымку.
Аляксей Кароль: «Разам з вашай падтрымкай, я упэўнены, мы пераможам у сябе у Беларусі!»
Паводле словаў палітыка, міжнародная падтрымка мае вялікае значэньне для беларускіх сацыял-дэмакратаў:
«Салідарная міжнародная падтрымка — гэта галоўны складнік, асабліва ў барацьбе за канкрэтную мэту — вызваленьне Казуліна і іншых палітвязьняў».
Супрацоўніцтва зь беларускімі сацыял-дэмакратамі важнае таксама й для польскіх левых. Пра гэта заявіў нашаму радыё віцэ-сьпікер Сэйму, лідэр Саюзу левых дэмакратаў Войцех Алейнічак.
«У Беларусі ўвесь час парушаюцца правы чалавека, а мы хочам, каб гэта была дэмакратычная краіна і — у будучыні — сябра Эўразьвязу. І мы хочам нешта для гэтага зрабіць», — сказаў Алейнічак.
Аляксей Кароль і Валер Фралоў правялі таксама перамовы з кіраўніцтвам польскіх партыяў левага кірунку, пазнаёміўшы іх сярод іншага з прапановай Аляксандра Казуліна адмовіцца ад будаўніцтва АЭС на тэрыторыі Беларусі, а ўзамен далучыцца да Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі, якія маюць намер сумесна будаваць АЭС.
Аляксей Дзікавіцкі
Радыё Свабода