Восем гадоў таму зьнік былы міністар унутраных справаў Юры Захаранка, які далучыўся да апазыцыі, каб змагацца за дэмакратыю ў Беларусі. Як вядзецца справа Захаранкі й ці ёсьць у яе юрыдычная пэрспэктыва?
Сёньня ў пасёлак Васілевічы Рэчыцкага раёну, дзе жыве маці зьніклага экс-міністра Ульляна Захаранка, традыцыйна прыехалі праваабаронцы.
Ульляна Рыгораўна працягвае верыць, што яе сын жывы й вернецца дадому:
«Чакаю гасьцей. Здароўе крыху стала лепш, мне лягчэй, калі мяне наведваюць. Сына ўсё няма, але я думаю, што, можа, калі й дачакаюся яго. Я спадзяюся. Хто ні варажыў, усе кажуць, што ён жывы».
Да Ульляны Захаранкі прыехалі праваабаронцы і актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі, сябрам якой быў Юры Захаранка.
Маці зьніклага наведаў і юрыст Алег Воўчак, які ўжо некалькі гадоў ачольвае грамадзкую камісію, што расьсьледуе справу Юр’я Захаранкі.
Алег Воўчак сочыць за ўсімі дзеяньнямі афіцыйнага сьледзтва, якое вядзе пракуратура Менску. Гэтае сьледзтва праваабаронца называе «фармальным» і ня зьвязвае зь ім спадзяваньняў знайсьці праўду.
«Чарговы раз працягнулі сьледзтва да 24 чэрвеня. Гэта адбываецца кожныя тры месяцы. А больш нічога нам не паведамляюць. Сьледчы Сяргей Кухаронак — можаш яму патэлефанаваць з гэтай нагоды».
У Менскай гарадзкой пракуратуры адмовіліся паведаміць тэлефон сьледчага Кухаронка. У прэсавай службе пракуратуры кажуць толькі, што справа Захаранкі не закрытая.
Юры Захаранка зьнік 7 траўня 1999 году. Дзяржаўныя мэдыі ў Беларусі загаварылі пра ўцёкі былога міністра за мяжу. Тым часам апазыцыя заявіла пра палітычнае выкраданьне.
Пазьней стала вядома пра сьведкаў, якія паведамілі пра добра арганізаваныя дзеяньні выкрадальнікаў Захаранкі, назвалі іхныя прыкметы й прыкметы аўтамабіля, якім яны карысталіся.
У афіцыйных СМІ тады зьявілася вэрсія, паводле якой былога міністра нібыта скралі крымінальнікі за даўгі.
Але ў 2000 годзе былы начальнік Менскага сьледчага ізалятару Алег Алкаеў загаварыў пра расстрэльны пісталет, які ў яго браў камандзір спэцназу Дзьмітрый Паўлічэнка напярэдадні зьнікненьня Юр’я Захаранкі.
Гэтыя зьвесткі прычыніліся да затрыманьня Паўлічэнкі сьледчымі пракуратуры і КДБ, а вэрсія пра дзейнасьць у Беларусі «эскадрону сьмерці» набыла выразныя абрысы.
Аднак у канцы 2000 году на загад Аляксандра Лукашэнкі замянілі кіраўніцтва пракуратуры Беларусі й КДБ, і Дзьмітрый Паўлічэнка выйшаў на волю.
Сярод тых, хто мяркуе, што зьнікненьне Юр’я Захаранкі не зьвязанае з пабытовымі ці крымінальнымі прычынамі, а мае палітычны характар, намесьнік старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйла.
«Ёсьць адна вэрсія, якая засталася неадпрацаванай. Гэта датычнасьць спэцслужбаў і кіраўнікоў дзяржавы да гэтых зьнікненьняў. Яна найбольш праўдападобная, бо атрымала найбольш пацьверджаньняў. Але тут дзяржава нічога ня робіць. Апазыцыя, міжнародная грамадзкасьць патрабуюць рэальнага расьсьледаваньня, але яно не вядзецца, бо такі рэжым», — кажа Паганяйла.
Алег Грузьдзіловіч
Радыё Свабода