МХФ: Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі з’яўляецца найгоршай у Еўропе

13/05/2007

Міжнародная Хельсінкская федэрацыя (МХФ) заклікала Генеральную асамблею ААН не абіраць Беларусь сябрам Рады ААН па правах чалавека. Беларускі ўрад не выконвае нават мінімальныя патрабаванні, усталяваныя Генасамблеяй для сяброўства ў Радзе, гаворыцца ў заяве МХФ, распаўсюджанай 11 траўня.

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі з`яўляецца найгоршай у Еўропе, падкрэсліваецца ў заяве. «Нельга занесці свой уклад у заахвочванне і абарону правоў чалавека на міжнародным узроўні перш, чым пачаць паважаць гэтыя правы ў сябе дома, — гаворыцца ў заяве МХФ. — Абранне Беларусі сябрам Рады ААН па правах чалавека сур`ёзна пахісне давер да гэтага органа».

У заяве МХФ таксама падкрэсліваецца, што Беларусь парушае патрабаванні рэзалюцыі Генасамблеі аб «поўным супрацоўніцтве з Радай» і «падтрыманні самых высокіх стандартаў» у галіне абароны правоў чалавека. Праваабарончая арганізацыя падкрэслівае, што беларускі ўрад адмаўляецца выконваць спецыяльныя працэдуры ААН, у тым ліку супрацоўнічаць з спецдакладчыкам ААН па сітуацыі ў сферы правоў чалавека ў Беларусі Адрыянам Севярынам, паведамляе БелаПАН.

Нагадаем, 17 траўня адбудзецца чарговае галасаванне па складзе Рады ААН па правах чалавека. На 14 месцаў у Радзе прэтэндуюць 15 краін – Ангола, Беларусь, Балівія, Данія, Егіпет, Індыя, Інданезія, Італія, Катар, Мадагаскар, Нідэрланды, Нікарагуа, Славенія, Філіпіны і Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка.

Праваабарончыя арганізацыі UN Watch і Freedom House заявілі пра тое, што Ангола, Беларусь, Егіпет і Катар нявартыя заняць месцы ў Радзе ААН па правах чалавека.