Пра гэта Кацярына Садоўская паведаміла ў лісьце дахаты з Гомельскай жаночай калёніі. Паводле праваабаронцы, камісія ў калёніі двойчы вывучала яе характарыстыку й пастанавіла, што «зьняволеная ня стала на шлях выпраўленьня».
«У жонкі няма дысцыплінарных спагнаньняў. Але сябрам турэмнай камісіі не спадабаліся адказы на некаторыя пытаньні, якія яны задавалі Кацярыне. Прыкладам, яе спыталі, хто ў Беларусі самы разумны? А яна нікога не назвала, хаця яе ўгаворвалі толькі вымавіць імя гэтага чалавека», — паведаміў муж праваабаронцы Віктар Садоўскі.
Дзяжурны Гомельскай жаночай калёніі ніяк не пракамэнтаваў зьвестак пра Кацярыну Садоўскую й адмовіўся паведаміць нумар тэлефона начальніцы калёніі Сьвятланы Похадавай.
Нагадаем, праваабаронца Кацярына Садоўская асуджаная на 2 гады пазбаўленьня волі паводле абвінавачаньня ў паклёпе на ўладу.
Алег Грузьдзіловіч
Радыё Свабода