Датэрмінова вызваленыя Мікола Статкевіч і Павел Севярынец

22/05/2007

Сёньня ў Наваполацку і Мар’інай Горцы адбыліся выязныя паседжаньні судоў.

На іх было прынята рашэньне аб умоўна- датэрміновым вызваленьні Мікалая Статкевіча і Паўла Севярынца. Палітыкі былі асуджаныя ў траўні 2005 г. на тры гады абмежаваньня свабоды "за арганізацыю вулічных дэманстрацый пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму 2004 году" (год "зьела" амністыя).

Павал адбываў пакараньне на лесанарыхтоўках у в. Малое Сітна Полацкага раёну. Сп.Мікалай напачатку быў высланы ў Баранавічы, а пасьля пераведзены ў в. Блонь Пухавіцкага раёну.

На волю палітыкі мусілі выйсьці ў жніўні.

Iнтэрв`ю «Нашай Нівы»:

 

«Наша Ніва»: Да Вас, абаіх, не датэлефанавацца. Столькі віншаваньняў?

Павал Севярынец: Так. Прыкладна за гадзіну пасьля сканчэньня суду ўжо было каля 15 тэлефанаваньняў. Пазванілі сябры з «Маладога фронту», маці, а таксама журналісты. Усе віншуюць з выхадам на волю.

Мікола Статкевіч: Тэлефанаваньняў сапраўды шмат – ад знаёмых журналістаў. У мяне, як на зло, садзіцца батарэя тэлефона, а я ўсё яшчэ не датэлефанаваўся да сям’і.

«НН»: Калі даведаліся, што могуць вызваліць?

ПС: Такія размовы вяліся яшчэ ад Новага году, але асаблівай канкрэтыкі звычайна не набывалі. Пра сёньняшні суд я даведаўся толькі ў пятніцу, калі да мяне дадому ў Віцебск прыходзіў міліцыянт, які сказаў, што ў яго добрыя навіны. Не падмануў.

МС: Намёкі пачаліся яшчэ ў пятніцу, але прызнаюся, што ўсё было досыць зьнянацку.

«НН»: Што сёньня адбывалася на судзе?

ПС: Падалося, што ўсё прайшло па сцэнары. Паводле якога я мусіў выйсьці на волю. І пракурор, і судзьдзя адназначна палічылі, што тэрмін маёй «хіміі» мусіць быць скончаны. На мае рэплікі, што я лічу, што незаконна быў асуджаны, таму мне няма за што каяцца, яны папросту не рэагавалі. Прыдумалі трактоўку «за прыкладныя паводзіны». Такім чынам улады абыходзяць самімі ж прыдуманыя нормы.

МС: З Блоні мяне забралі літаральна за 20 хвілінаў да пачатку суду, які быў чыстай фармальнасьцю. Судзьдзя папросту зачытаў пастанову паводле якой я вызваляюся. Хіба што ў судзе было зашмат "гэбістаў", якія, мабыць, чакалі прыезду палітыкаў і журналістаў. Судзьдзя адзінае запыталася ў мяне: ці ня буду я супраціўляцца вызваленьню? Дзеля свайго старога бацькі адказаў, што ня буду. Больш пытаньняў не было.

«НН»: З чым Вы зьвязваеце гэтае вызваленьне?

ПС: Найперш зьвязваю з тым, што Беларусь ужо ў найбліжэйшы час можа страціць гандлёвыя прэфэрэнцыі Эўрасаюзу. Таксама зьвязваю гэта зь нядаўняй сустрэчай намесьніцы кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Натальлі Пяткевіч з прадстаўніком Дзярждэпартамэнту ЗША Крамэрам. Пасьля гэтай сустрэчы ў Беларусі не пачалі ніводнай палітычна матываванай крымінальнай справы і нават амаль нікога не садзілі на суткі. Лічу, што пачаўся нейкі гандаль з Эўропай, дзе палітзьняволеныя адыгрываюць важную ролю. Падаецца, што ўлады пайшлі на тое, каб вызваліць абсалютна ўсіх беларускіх палітвязьняў. Перакананы, што сьледам за мной з?за кратаў выйдуць і іншыя.

МС: Улада спрабуе такім чынам уратавацца. Відавочна, што мяне вызвалілі, каб ня страціць гандлёвыя прэфэрэнцыі. Ідзе сапраўдны гандаль людзьмі. У гэтым пляне Нігерыі яшчэ вельмі далёка да Беларусі.

«НН»: Зь якім пачуцьцём выходзіце на волю?

ПС: З досыць дваістым. Бо, натуральна, я выходжу на свабоду, якой чакаў ужо досыць вялікі тэрмін. З другога боку — разумею, што мяне абмянялі на гандлёвыя прэфэрэнцыі. Што мая свабода каштуе столькі мільёнаў даляраў. Раней патрабавалі пакаяньня, цяпер ня трэба і гэтага. Эканоміка, відаць, сапраўды прыціснула беларускую ўладу.

МС: Складаныя пачуцьці. У душы сядзіць нешта вельмі гадкае, а ня радаснае. Мне заставалася прабыць на «хіміі» два месяцы, якія я зьбіраўся адседзець. Я не пісаў ніякіх просьбаў пра вызваленьне спадарыні Пяткевіч, бо лічу гэта ніжэй за ўласны гонар. Нас, як заложнікаў, спрабуюць вызваліць. Аднак трэба запомніць, што заложнікаў нельга выкупаць, бо ў такім выпадку будуць новыя закладнікі.

«НН»: На "хіміі" пасьпелі з усімі разьвітацца?

ПС: Так. Учора пайшоў на разьвітаньні зь людзьмі. Разьвітаўся зь імі вельмі цёпла і па?людзку. Да многіх людзей сапраўды пасьпеў прывыкнуць, яны, спадзяюся, да мяне таксама. Пакінуў ім свае каардынаты, можа яшчэ з кім і пабачуся.

МС: Не. Я ня быў падрыхтаваны да вызваленьня. Проста ж у судзе мне аддалі пашпарт, хоць па ўсіх нормах мусілі адвезьці назад у камэндатуру, і ўжо там аддаць усе мае дакумэнты. Сёньня я яшчэ зьбіраюся заначаваць у Блоні, каб годна разьвітацца з тым людзьмі, зь якімі разам адбываў пакараньне.

«НН»: Што было найцяжэйшым падчас зьняволеньня?

ПС: Бачыць тое, што сёньня ўяўляе Полаччына. Яе дэградацыю праз «максімку», калгасны лад, прыніжаных людзей. Полаччына, якая мае 1000?гадовую гісторыю, якая дала сьвету Скарыну і Эўфрасіньню заслугоўвае лепшай долі.

МС: Пачуцьцё несвабоды. Разуменьне, што тваім жыцьцём распараджаюцца іншыя. Хаця я хачу сказаць, што любой сытуацыяй можна кіраваць самому. Трэба проста з усімі кіравацца годнымі паводзінамі.

«НН»: Якія пляны на бліжэйшыя дні?

ПС: Зараз паеду да бацькоў ў Віцебск. Ужо ўвечары пляную паехаць у Менск, заўтра а 11:00 даю прэс?канфэрэнцыю ва ўправе Партыі БНФ. На выходных пляную быць на Кангрэсе, а ў панядзелак — на судзе над «маладафронтаўцамі».

МС: Лічу, што гэтым вызваленьнем улада хоча, каб я ўдзельнічаў у ганебным Кангрэсе. Мы з Паўлам Севярынцам доўга раіліся, ці варта туды ісьці. Вырашылі, што пойдзем, але выкажым там сваю думку. 28 траўня абавязкова буду на судзе над «маладафронтаўцамі».

Гутарыў Зьміцер Панкавец

У сераду а 11-й на сядзібе БНФ адбудзецца прэс-канфэрэнцыя Паўла Севярынца.