15 сутак за віншаваньне

23/07/2007

Маладафронтаўцы Кірыла Мацкевіч і Уладзімер Сяргееў асуджаныя на 10 і 15 сутак арышту. 20 ліпеня, у дзень народзінаў зьняволенага лідэра моладзевага руху Зьмітра Дашкевіча ў Менску, на мосьце празь Нямігу, яны паспрабавалі вывесіць віншавальную расьцяжку «З днём народзінаў, Зьміцер Дашкевіч!».

Адміністрацыйную справу («дробнае хуліганства»), у адрозьненьні ад мінулых палітычных працэсаў у судзе Цэнтральнага раёну сталіцы, разглядала судзьдзя Натальля Паўлючкова.

Хлопцаў даставілі у суд сёньня а 13-й. Пасьля трох дзён, праведзеных у спэцпрыёмніку на Акрэсьціна, маладафронтаўцаў усю раніцу трымалі ў райаддзеле. Самі судовыя працэсы распачаліся па абедзе. Сьведкамі ў судзе, як звычайна, выступалі міліцыянты, якія затрымлівалі Кірылу й Уладзя.

Супрацоўнік ДАІ Туркін Сяргей Феліксавіч настолькі заявіў, што 18-гадовы Кірыла падчас затрыманьня пачаў кідацца на міліцыянта і разьдзіраць ягоную вопратку. Судзьдзя палічыла гэтыя доказы пераканаўчыя, і пасьля невялікага перапынку вынесла маладафронтаўцам максімальныя прысуды.