Сталі вядомыя ляўрэаты прэміі ймя Зьмітра Завадзкага

15/08/2007

Сёньня сталі вядомыя імёны журналістаў, якія ў гэтым годзе атрымаюць журналісцкую прэмію ймя Зьмітра Завадзкага «За мужнасьць і прафэсыяналізм». Ляўрэатамі сталі: Генадзь Барбарыч (газэта «Белорусы и рынок»”), Анатоль Гатоўчыц (БелаПАН, «Народная воля», Гомель) і Натальля Макушына (радыёжурналіст, Гародня).

Уручэньне Прэміі прызначана 10 верасьня 2007 году ў Беларусі.

Прэмія зьяўляецца ўзнагародай за прафэсыйную мужнасьць і барацьбу за свабоду слова.

Прэмія была заснаваная ў 2001 годзе, праз год пасьля выкраданьня ў Менску беларускага апэратара Зьмітра Завадзкага, па ініцыятыве журналістаў Першага каналу (Расея), якія працавалі са Зьмітром, паважалі і любілі яго. Журналісты прапанавалі кожны год уручаць прэмію за мужнасьць і прафэсыяналізм беларускім журналістам. Гэтую ідэю падтрымалі гэнэральны дырэктар тэлеканалу Канстанцін Эрнст і Беларуская асацыяцыя журналістаў. За мінулыя гады прайшло пяць цэрэмоніяў узнагароджваньня й Прэмія была ўручаная 20 лепшым беларускім журналістам, апэратарам, фотакарэспандэнтам і незалежным выданьням. У 2006 годзе да прэміі далучылася заснаваная напрыканцы 2005 году Фундацыя ймя Зьмітра Завадзкага, якая заснавала грашовае ўзнагароджаньне лепшым беларускім журналістам.

У гэтым годзе адбудзецца шостая цырымонія ўручэньня Прэміі ймя Зьмітра Завадзкага.