З 16 па 19 кастрычніка ў Менску будзе знаходзіцца з візытам спэцдакладчык ПАРЭ Андрэа Рыгоні (Італія).
Мэтай ягонага прыезду будзе збор інфармацыі пра сытуацыю ў Беларусі для падрыхтоўкі адмысловага дакладу.
Спадар Рыгоні мяркуе сустрэцца з прадстаўнікамі афіцыйнага Менску — са старшынёй Палаты прадстаўнікоў, міністрамі замежных справаў і юстыцыі. Таксама Андрэа Рыгоні сустрэнецца з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці і няўрадавых арганізацый.
Паводле прэсавай службы ПАРЭ, візыт спэцдакладчыка мае на мэце «надаць імпульс палітычнаму дыялёгу з усімі зацікаўленымі бакамі і мае на мэце прасоўваньне ў Беларусі каштоўнасьцяў Рады Эўропы».
У студзені 2007 года ў Беларусі з афіцыйным візытам ужо пабываў старшыня ПАРЭ Рэнэ ван дэр Ліндэн.
Алесь Дашчынскі
Радыё Свабода