Артур Фінькевіч абвінавачаны па новай крымінальнай справе

30/10/2007

Магілёўская пракуратура выставіла абвінавачаньне актывісту незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт» Артуру Фінькевічу ў новай крымінальнай справе — за парушэньне рэжыму падчас адбываньня пакараньня. Артур адбываў два гады абмежаваньня волі ў Магілёўскай спэцкамэндатуры за графіці палітычнага зьместу, якія ён зрабіў падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Яго ізалявалі 26 кастрычніка, за паўтара месяца да заканчэньня тэрміну пакараньня. Цяпер Артуру пагражае турма.

Сьледчы магілёўскай пракуратуры прад’явіў Артуру Фінькевічу абвінавачаньне ў сьледчым ізалятары. Артур мае чатыры спагнаньні за парушэньні правілаў унутранага распарадку на «хіміі».

Паводле Крымінальна-выканаўчага кодэксу, дастаткова трох спагнаньняў, каб завялі крымінальную справу і накіравалі яе ў суд.

Актывісты незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт» лічаць, што крымінальная справа супраць Артура Фінькевіча — вынік мэтанакіраванай рэпрэсіўнай палітыкі ўладаў супраць маладафронтаўцаў.
Толькі цягам месяца на Гомельшчыне завялі тры крымінальныя справы супраць Андруся Цянюты, Кірылы Атаманчыка й Арсена Ягорчанкі.

Сустаршыню «Маладога фронту» Зьмітру Дашкевічу, які адбывае паўтара году зьняволеньня за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі, пагражае новы турэмны тэрмін. Паводле аналягічнага абвінавачаньня судзілі семярых актывістаў арганізацыі.

«Гэта яшчэ адно яскравае сьведчаньне чарговай хвалі рэпрэсіяў супраць «Маладога фронту», — гаворыць Павал Севярынец. — Разам з тым прызначаны суд над Зьмітром Дашкевічам, выкліканы ў псыханэўралягічны дыспансэр Андрусь Цянюта ў Гомелі, чыняцца спробы выключыць з навучаньня студэнтаў у Менску, Магілёве, Полацку. Безумоўна, гэта ўсё помста за мужнасьць, за веру, зь якой «Малады фронт» вядзе сваё змаганьне».

Мікола Статкевіч лічыць, што палітычныя матывы ў крымінальнай справе супраць Артура Фінькевіча відавочныя:

«Безумоўна, яўная палітычная замова, таму што на «хіміі» знаходзяцца людзі, якія маюць не чатыры спагнаньні, як у Артура, калі паводле закону можна распачынаць крымінальныя справы, а чатырнаццаць, пятнаццаць, шаснаццаць…

Я бачыў такіх людзей, якія пры наяўнасьці любой капейкі напіваюцца і б’юцца рэгулярна, а іх пасьля адбыцьця трэцяй часткі тэрміну на папраўчыя работы дахаты адпраўлялі, каб яны там нейкі працэнт плацілі… Безумоўна, гэта палітычная замова».

Днямі Артур Фінькевіч пачне знаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы.