Салідарнасць Менску

19/11/2007

Шмат акцый салідарнасці прайшлі 16 лістапада ў Менску. Моладзь выйшла з партрэтамі палітвязняў на праспект Незалежнасці, да касцёлу Святога Язэпа, у мікрараёне Уручча, на Камароўскі рынак.

Дзень салідарнасці ў Менску пачаўся акцыяй у цэнтры горада. Больш за паўсотні актывістаў кампаніі «Jeans — за свабоду!» усталі ў ланцужок, які працягнулася ад галоўнага паштамта да вуліцы Леніна ўздоўж цэтральнага праспекта беларускай сталіцы. Маладыя людзі трымалі ў руках партрэты палітычных зняволеных — Змітра Дашкевіча, Андрэя Клімава, Аляксандра Казуліна, Артура Фінькевіча.

«У беларускіх улад сёння ёсць шанец забяспечыць нармальную будучыню нашай краіны. Для гэтага неабходна выканаць прапановы Еўрапейскага Звязу і вызваліць палітычных зняволеных. Мы сабраліся тут, каб нагадаць грамадству пра тое, што ў нашай краіне ёсць людзі, якія сядзяць у турмах за свае палітычныя перакананні і нагадаць уладам, што гэтую праблему неабходна вырашыць як мага хутчэй», — пракаментавала мэту акцыі адна з яе ўдзельніц.

Міліцыя і спецслужбы не заміналі правядзенню акцыі. Толькі пасля яе завяршэння была затрыманая адна з удзельніц, аднак, пасля таго, як каля пакоя міліцыі, дзе яна знаходзілася, сабраліся некалькі дзесяткаў актывістаў кампаніі, дзяўчыну вызвалілі.

Увечары ў Менску прайшло яшчэ некалькі акцый. Удзельнікі «Jeans — за свабоду» разам з актывістамі іншых моладзевых арганізацый узялі ўдзел у малітве за палітвязняў, якая прайшла ля уваходу ў касцёл Святога Язэпа. Яшчэ адна акцыя адбылася на вуліцы Веры Харужай — у падземным пераходзе поруч Камароўскага рынку, а таксама ў мікрараёне Уручча — моладзь выйшла да ўніверсама «Першамайскі» з партрэтамі палітвязняў. Удзельнікі акцыі таксама разгарнулі вялізную расцяжку «Свабоду палітвязням!»