Сёньня ў Страсбуры сярод удзельнікаў зімовай сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) быў распаўсюджаны даклад па сытуацыі ў Беларусі. Афіцыйнага абмеркаваньне дакумэнту адбудзецца ў чацьвер ў часе ранішняга паседжаньня.
Як паведамілі ў размове са «Свабодай» ягоныя аўтары — Азім Малазадэ, які да ўчорашняга дня быў спэцыяльным дакладчыкам ПАРЭ па беларускай праблематыцы і ягоны пераемнік на гэтай пасадзе, эстонскі парлямэнтар, старшыня падкамітэту па Беларусі Андрыс Хэркель, стварэньне дакумэнту «ёсьць жаданьнем міжнароднай грамадзкасьці дапамагчы дэмакратычнаму разьвіцьцю ў Беларусі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў».
Даклад утрымвае жорсткую крытыку беларускага рэжыму і суправаджаецца рэзалюцыяй. Тэксты дакумэнтаў былі ўхваленыя сёньня часткай парлямэнтароў у часе слуханьняў на падкамітэце ПАРЭ.
Дэпутат эстонскага парлямэнту ад апазыцыйнай нацыянальна-радыкальнай партыі «Зьвяз Айчыны», старшыня падкамітэту ПАРЭ па Беларусі Андрыс Хэркель, называе сваё ўчорашняе прызначэньне на пасаду спэцдакладчыка «вымушаным і тэрміновым варыянтам».
Звычайна парлямэнтары не сумяшчаюць дзьве падобныя пасады, аднак у зьвязку з тым, што ягоны калега цяпер не зьяўляецца сябрам гэтай эўрапейскай арганізацыі, ПАРЭ прыйшлося шукаць тэрміновае выйсьце. Прадстаўляць справаздачу даручылі таму, хто валодае беларускай сытуацыяй.
Даючы ацэнку беларускай сытуацыі, спадар Хэркель адзначае: «Яна стала яшчэ горшай з часу апошняй сэсіі ПАРЭ, беларускі рэжым ажыцьцявіў шмат крокаў, накіраваных супраць грамадзтва».
(Хэркель: ) «Я назваў бы гэта пакетам антыдэмакратычных законаў. Гэта наданьне вялікіх паўнамоцтваў спэцслужбам, стварэньне ўсё больш складаных умоваў для дзейнасьці няўрадавых арганізацыяў, увядзеньне крымінальнай адказнасьці грамадзянаў за крытыку ўладаў ў часе кантактаў з замежнікамі. Не стала лепшым становішча з палітзьняволеннымі, СМІ, правядзеньнем выбараў.
Карацей, сытуацыя становіцца ўсё больш тупіковай. Адзіны пазытыўны момант, гэта тое, што АБСЭ атрымала запрашэньне на выбары».
Паводле спадара Хэркеля, у часе сёньняшняга абмеркаваньня дакумэнту прадстаўнікі расейскай дэлегацыі, указвалі на ягоную жорсткасьць і на тое, што падобная танальнасьць ня ёсьць канструктыўным момантам ў наладжваньні дыялёгу паміж ПАРЭ і Беларусьсю.
(Хэркель: ) «Але, ведаеце, я так не лічу. Я бы назваў тое, што адбываецца самаізаляцый Менску. Я лічу, што спадар Пургурыдэс, які ў свой час падрыхтаваў вельмі грунтоўныя і жорсткія справаздачы па Беларусі, даў сыгнал міжнароднаму супольніцтву, каб яно належным чынам ацэньвала беларускую сытуацыю.
Даклады робяць, дзеля таго, каб выходзіць са скаладаных становішчаў. Ніколі ня позна пачынаць дыялёг. Лічыць, што сувязі губляюцца ў выніку жорсткіх ацэнак дакладчыкаў, гэта вельмі аднабаковая інтэрпрэтацыя».
Радыё Свабода