Прадстаўнікі Эўразьвязу правялі ў Кангрэсе ЗША перамовы наконт Беларусі

03/02/2006

Намесьнік кіраўніка дэлегацыі Эўрапарлямэнту па сувязях зь Беларусьсю прадстаўнік Латвіі Альдзіс Кушкіс разам з эўрадэпутаткай з Польшчы Барбарай Кудрыцкай правялі перамовы ў Кангрэсе ЗША адносна супольнай пазыцыі ў справе беларускіх выбараў. Падчас сустрэч у Вашынгтоне спадар Кушкіс упэўніўся ў адзінстве поглядаў Эўразьвязу і ЗША на сытуацыю ў Беларусі.

Альдзіс Кушкіс паведаміў, што прадстаўнікі Хэльсынскага камітэту і камітэту ў міжнародных справах Кангрэсу ЗША падтрымалі ягоную ініцыятыву аб сумесных дзеяньнях Эўрапарлямэнту і Кангрэсу перад выбарамі ў Беларусі, пад час іх правядзеньня і пасьля выбараў. Перад выбарамі заплянавана ўхваліць супольную рэзалюцыю, у часе выбараў — разам удзельнічаць у назіраньні ў складзе місіі АБСЭ. Спадар Кушкіс таксама прапанаваў падрыхтавацца да магчымых сцэнароў разьвіцьця сытуацыі ў Беларусі пасьля выбараў:

(Кушкіс: ) «Пры сытуацыі, калі Лукашэнка зробіць тое, чаго ён ні ў якім разе не павінен рабіць — калі ён ужыве сілу,– рэакцыя павінна быць імгненнай і падрыхтаванай. Як ініцыятыва тут можа быць выключэньне Беларусі з АБСЭ і заклік паставіць Лукашэнку перад судом Эўропы».

Сёньня свае ініцыятывы спадар Кушкіс абмяркоўвае ў Дзярждэпартамэнце ЗША. Ён кажа, што сустрэчы ў Вашынгтоне пацьвердзілі ягоную перакананасьць наконт адзінства пазыцыі Эўразьвязу і ЗША адносна Беларусі.

Перад адлётам у ЗША Альдзіс Кушкіс пасьпеў сустрэцца ў Брусэлі з кандыдатам ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандрам Мілінкевічам.

(Кушкіс: ) «Ягоны посьпех на эўрапейскай сцэне даказвае, што апазыцыя, абраўшы адзінага кандыдата, зрабіла правільны крок. Спадар Мілінкевіч можа стварыць альтэрнатыву дыктатару Лукашэнку».

Сябра Эўрапарлямэнту ад Латвіі Альдзіс Кушкіс зазначыў, што ён асабіста хоча быць назіральнікам на выбарах у Беларусі, і што шмат іншых эўрадэпутатаў і сябраў нацыянальных парлямэнтаў краінаў Эўразьвязу жадаюць прыехаць у Беларусь на выбары 19 сакавіка. Ніякіх ілюзій адносна выбараў у Беларусі ў спадара Кушкіса няма ўжо цяпер:

(Кушкіс: ) «Уся юрыдычная база перад выбарамі рэжымам Лукашэнкі зробленая такая, што ўжо цяпер можна сказаць, што выбары ня могуць быць вольнымі, таму што доступ да мэдыяў і свабода слова, можна сказаць, забароненыя».

На наступным тыдні ў Брусэлі спадар Кушкіс зьбіраецца каардынаваць працу па рэалізацыі абвешчаных у Вашынгтоне ініцыятываў.