Беларусь — адна з найгоршых у свеце краін для журналістаў

10/02/2006

Сёння ў Маскве адбудзецца прэс-канферэнцыя, прысвечаная сітуацыі са СМІ ў Беларусі. З ініцыятывай яе правядзення выступіла ўплывовая міжнародная арганізацыя Камітэт абароны журналістаў (CPJ, Нью-Ёрк), прадстаўнік якой Аляксандр Лупіс (Alexander Lupis) з 5 па 9 лютага знаходзіўся ў Беларусі. Да ўдзелу ў прэс-канферэнцыі запрошаныя таксама намеснік старшыні ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Андрэй Бастунец, намеснік галоўнага рэдактара недзяржаўнай газеты «Народная воля» Святлана Калінкіна, а таксама кіраўнік Цэнтру экстрэмальнай журналістыкі (Расія) Алег Панфілаў.

Як паведамляе прэс-служба БАЖ, прэс-канферэнцыя будзе цалкам прысвечаная сітуацыі са СМІ ў Беларусі, якая напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, па меркаванні CPJ, істотна пагоршылася. Чарговым доказам гэтага, паводле Аляксандра Лупіса, стала тое, што ўсе дзяржаўныя органы і афіцыйныя структуры Беларусі адмовіліся сустракацца з ім. У прыватнасці, ён накіроўваў прапановы наконт сустрэчы ў прэс-службу Адміністрацыі Прэзідэнта, Міністэрства інфармацыі, Пракуратуру РБ і РУП «Белпошта». Асабліва ўразіў сп-ра Лупіса адказ з Мінінфармацыі, якое заявіла, што «ў краіне няма праблем са свабодай прэсы», а значыць, «няма і нагоды для сустрэчы». «З боку беларускай улады існуе блакада з дачыненні да грамадства, да незалежнай прэсы, да любой інфармацыі, якая не ўкладваецца ў межы дзяржаўнай прапаганды», — лічыць А. Лупіс. Пад час візіту ў Мінск ён сустрэўся з прадстаўнікамі практычна ўсіх асноўных недзяржаўных выданняў, якія выходзяць у Беларусі.

Па словах амерыканскага эксперта, CPJ сёння лічыць неабходным прыцягнуць увагу грамадства на Захадзе да праблемы парушэння правоў журналістаў і тлумачыць, што тым самым парушаюцца правы ўсіх беларускіх грамадзян, пазбаўленых магчымасці атрымліваць аб`ектыўную інфармацыю з незалежных крыніц.

Камітэт абароны журналістаў быў створаны 25 гадоў таму групай амерыканскіх журналістаў «у адказ на брутальнае стаўленне ад іх замежных калегаў з боку аўтарытарных урадаў і іншых ворагаў незалежнай журналістыкі», — гаворыцца на cайце гэтай арганізацыі.

«Сёння мы лічым Беларусь адной з найгоршых у свеце краін для журналістаў і хочам падтрымаць незалежную журналістыку ў вашай краіне», — заяўляе А. Лупіс.

Хартия-97