Сёньня ў Вашынгтоне адбыўся брыфінг у справе Беларусі для прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, дасьледчых цэнтраў, ураду і Кангрэсу ЗША. Выступалі аналітык Радыё Свабода Ян Максымюк, дырэктар беларускай «Свабоды» Аляксандар Лукашук. Асноўны даклад рабіў Робэрт Шэпард — супрацоўнік Цэнтру стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў.
Пасьля брыфінгу спадар Шэпард адказаў на некалькі пытаньняў нашага радыё.
(Карэспандэнт: ) «Чым цяперашняя перадвыбарчая кампанія ў Беларусі адрозьніваецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў у 2001 годзе?»
(Шэпард: ) «Я думаю, першае, што відавочна новае — гэта тое, што апазыцыя аб’ядналася вакол аднаго кандыдата, які ўжо зараз мае падтрымку прынамсі 20 % беларускага насельніцтва.
Таксама ёсьць шэраг тактычных адрозьненьняў ад таго, што было 5-6 гадоў таму, бо сытуацыя стала нашмат болей рэпрэсіўнай.
Іншая рэч, якая адрозьнівае гэтыя выбары, — гэта тое, што міжнародны кантэкст істотна зьмяніўся. Пашырэньне Эўрапейскага Зьвязу, які цяпер уключае Літву, Латвію, Польшчу, Чэхію, стварыла пэўнае лобі ўнутры Эўразьвязу, якога раней не існавала. І гэтае лобі прасоўвае, праштурхоўвае беларускае пытаньне ў парадак дня ЭЗ.
Я не кажу, што яны маюць вялікі посьпех у гэтым, але я мяркую, гэта тлумачыць, чаму Мілінкевіч. напрыклад, быў запрошаны ў Брусэль і сустракаўся з кіраўніцтвам Эўрапейскіх краінаў.
Я таксама думаю, адрозьненьне ў тым, што адбываецца радыкалізацыя беларускай моладзі. Гэта яшчэ далёка ад таго, што было падчас украінскай рэвалюцыі, але ўжо ня тое, што было яшчэ некалькі гадоў таму. Усё гэта тыя рэчы, якія працуюць супраць Лукашэнкі. Маладое пакаленьне робіцца ўсё больш апазыцыйным да рэжыму — дэмаграфічная дынаміка працуе супраць рэжыму.
Усё гэта даказвае, што цяпер склалася зусім іншая сытуацыя».
(Карэспандэнт: ) «Наколькі мы ведаем, на сёньняшнім брыфінгу ў Вашынгтоне шмат выступоўцаў вельмі аптымістычна ацэньвалі пэрспэктывы пераходу да дэмакратыі ў Беларусі. Якія ёсьць іншыя погляды на цяперашнюю сытуацыю?»
(Шэпард: ) «Я думаю, пэсымізм — гэта вельмі лёгкі варыянт, калі ацэньваць беларускую сытуацыю. Але варта зірнуць на дынаміку некаторых працэсаў, якія маюць месца.
Апазыцыя мае адзінага кандыдата, і ягоная падтрымка расьце, апытаньне ў сярэдзіне студзеня паказала, што пазнавальнасьць Мілінкевіча сярод апытаных дасягнула 79 %, 56 % апытаных маюць да яго ў цэлым станоўчае стаўленьне. Я думаю, што перамены, якія мы бачым у беларускім грамадзтве, дынамічныя і спараджаюць аптымізм.
Міжнародная супольнасьць нашмат болей уцягнутая ў сытуацыю, чым раней. Усе гэтыя рэчы павінны даць адчуваньне, што гэтыя выбары стануць найбольш важнай падзеяй у Беларусі на бліжэйшыя гады.
Відавочна, афіцыйныя вынікі выбараў будуць сфальсыфікаваныя. Але я думаю, калі мы будзем мець дадзеныя экзыт-полаў (апытаньняў на выхадзе з участкаў), якія дадуць доказы, што рэжым нелегітымны, гэта пракладзе шлях да новай сытуацыі ў Беларусі».
Сёньняшні брыфінг — толькі адно з шэрагу мерапрыемстваў у амэрыканскай сталіцы, прысьвечаных Беларусі.
Гаворыць Аляксандар Лукашук, дырэктар беларускай «Свабоды», удзельнік сёньняшняга брыфінгу:
(Лукашук: ) «У гэтыя дні ў Вашынгтоне адбываецца цэлая сэрыя сустрэчаў і канфэрэнцыяў, прысьвечаных Беларусі. Сёньня ў Кангрэсе ЗША, у камітэце міжнародных адносінаў Палаты прадстаўнікоў будзе прынятая заява ў справах Беларусі.
Заўтра ў інстытуце дзяржаўнага дэпартамэнту адбудзецца навуковая канфэрэнцыя «Беларусь напярэдадні выбараў», у якой бяруць удзел прадстаўнікі Дзярждэпартамэнту, Гарвардзкага ўнівэрсытэту і шэрагу дасьледчых цэнтраў.
У чацьвер, 16-га чысла, плянуецца дэманстрацыя перад беларускай амбасадай. Фактычна, кожны дзень у сталіцы Амэрыкі ў гэтыя дні адбываецца нейкая падзея, зьвязаная зь Беларусьсю».
Радыё Свабода