Літоўцы салідарызаваліся з Беларуссю ў дзень літоўскай незалежнасці

17/02/2006

16 лютага ў Вільні каля Дому сігнатараў адбылася ўжо чацвертая Акцыя беларуска-літоўскай салідарнасці. Акцыя салідарнасці з Беларуссю ў гэты раз супала з Днём аднаўлення літоўскай дзяржавы (1918). Змагары за дэмакратычную Беларусь святкавалі разам з незалежнай Літвой, а Літва выражала салідарнасць з беларусамі.

Ва ўрачыстым святкаванні Дня незалежнасці ўдзел разам з сотнямі звычайных літоўскіх грамадзянаў узялі актывісты віленскага Аб’яднанага цэнтру беларускіх ініцыятыў. Арганізацыя, што ня першы год працуе на карысць вольнай Беларусі і шчыльнейшых літоўска-беларускіх сувязяў, у гэты раз віншавала літоўскіх патрыётаў і імкнулася ў чарговы раз звярнуць увагу на становішча Беларусі.

Удзельнікі імпрэзы не засталіся абыякавыя да Беларусі нават і падчас свайго дзяржаўнага свята. Спікер Сойму Літвы ў сваёй прамове павітаў беларускіх удзельнікаў акцыі і пажадаў поспеху.

Наступны прамоўца еўрапарламентар і старшыня Аднаўленчага Сойму 1990-1992 гг. Вітаўтас Ландсбергіс пажадаў вольнасці людзям суседняй і шчыльна звязанай з літоўскай гісторыяй Беларусі: «Мы стагоддзямі жылі ў адной дзяржаве, нас неадрыўна злучае Нёман. У нас мноства падабенстваў у народных спевах і людскім характары. Беларусы маюць волю да свободы, яны не баяцца — тыя, хто патрабуюць вольнасці, дэмакратыі, справядлівасці, чэсных выбараў», — сказаў В.Ландсбергіс і па-беларуску дадаў: «Няхай жыве свабодная Беларусь!»

Братоў-беларусаў апладысментамі салідарна павіталі ўсе ўдзельнікі акцыі. Людзі падыходзілі да беларусаў, паціскалі рукі, зычылі цярплівасці і ўдачы.

Акцыя беларуска-літоўскай салідарнасці ў Вільні адбываюцца з 16 лістапада. Штомесяц ладзяцца шэсці, прагляды фільмаў пра Беларусь, пікеты перад амбасадай, запальваюцца свечкі вольнасці і салідарнасці.