КДБ Беларусі сёньня афіцыйна паведаміў пра затрыманьне 4-х грамадзянаў, абвінавачаных у арганізацыі незарэгістраванага грамадзскага аб’яднаньня. Пра гэта паведаміў Інтэрфаксу кіраўнік Цэнтру грамадзскіх сувязяў КДБ Валер Надтачаеў.
У межах крымінальнай справы затрыманыя Мікола Астрэйка, Эніра Браніцкая, Цімафей Дранчук і Аляксандар Шалайка. У адносінах да іх абраная мера стрыманьня — утрыманьне пад вартай. Адпаведны артыкул Крымінальнага кодэксу прадугледжвае пакараньне ў выглядзе арышту да 6 месяцаў ці пазбаўленьне волі на тэрмін да трох гадоў.
Як паведамляе Белапан, у межах яшчэ адной крымінальнай справы — аб паклёпе на прэзыдэнта Беларусі ў шэрагу рэгіёнаў краіны — адбыліся ператрусы ў кватэрах грамадзскіх актывістаў: Дзяніса Салдаценка ў Полацку, Аляксея Трубкіна, Анны Корбы і Дзьмітрыя Салаўёва ў Наваполацку, Аксаны Закрэўскай у Магілёве, Аляксея Купрэева ў Быхаве. У Закрэўскай і Купрэева канфіскаваныя кампутары.
Радыё Свабода