У польскім парлямэнце сёньня была афіцыйна зарэгістраваная дэпутацкая група «На карысьць салідарнасьці зь Беларусьсю».
Ініцыятарам стварэньня дэпутацкай групы быў дэпутат ад Беласточчыны Робэрт Тышкевіч, з другой паводле велічыні парлямэнцкай фракцыі Сэйму «Грамадзянская плятформа».
Пра гэта было заяўлена ў дзень, калі ў парлямэнце — упершыню ў паваеннай гісторыі Польшчы прамаўляў беларускі палітык — кандыдат ад аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч.
Спадар Тышкевіч быў абраны кіраўніком новай дэпутацкай групы.
(Тышкевіч: ) «Мы вырашылі, што варта, каб у польскім парлямэнце была адмысловая структурная частка, група дэпутатаў, якія сачылі б за сытуацыяй у Беларусі, рабілі прапановы парлямэнту ў справе Беларусі, але і зьвярталіся з ініцыятывамі да польскага ўраду што тычыцца Беларусі».
Паводле спадара Тышкевіча, сябры дэпутацкай групы зоймуцца таксама каардынацыяй захадаў парлямэнтароў з суседніх зь Беларусьсю дэмакратычных краінаў у беларускіх справах — ужо ў найбліжэйшы час адбудзецца сумесная канфэрэнцыя дэпутатаў з гэтых краінаў.
Акрамя дэпутатаў ад «Грамадзянскай плятформы» у групу «На карысьць салідарнасьці зь Беларусьсю» увайшлі таксама прадстаўнікі фракцыі кіруючай цяпер у Польшчы партыі «Закон і справядлівасьць».
Аляксей Дзікавіцкі
Радыё Свабода