Праект рэзалюцыі Сойму Літвы супраць рэпрэсіяў у Беларусі

10/03/2006

Сёньня пачынаецца вясновая сэсія літоўскага парлямэнта. У парадку дня — праект рэзалюцыі з асуджэньнем рэпрэсіяў супраць апазыцыі у Беларусі. У праекце выказваецца салідарнасьць з беларускімі дэмакратычнымі сіламі.

Рэзалюцыю адносна Беларусі у Сойме Літвы ініцыяваў сябра парлямэнцкай групы «За дэмакратычную Беларусь» Вацлаў Станкевіч. З прапановай выказаць стаўленьне Сойму да дзеяньняў беларускіх уладаў супраць апанэнтаў аўтарытарнага кіраўніка Аляксандра Лукашэнкі выступіла і віцэ-старшыня літоўскай партыі кансэрватараў «Саюз Айчыны» Раса Юкнявічэне, якая ачольвае групу «За дэмакратычную Беларусь».

У праекце рэзалюцыі гаворыцца: «Сойм Літвы, ацэньваючы рэпрэсіі ўладаў Беларусі супраць лідараў апазыцыі і іншых удзельнікаў выбараў, рэзка асуджае такія дзеяньні і выказвае салідарнасьць з людзьмі суседняй Беларусі, якія імкнуцца да свабоды і эўрапейскай дэмакратыі.»