У Менску з’явіўся клюб для жонак і маці рэпрэсаваных

01/06/2006

Аднавіў сваю дзейнасьць так званы «Жаночы клюб», стварэньню якога ў свой час спрыяў кіраўнік Кансультатыўна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі, вядомы нямецкі палітык і дыплямат Ханс-Георг Вік. Жонкі і маці зьніклых і рэпрэсаваных маглі тады зьбірацца разам у будынку місіі АБСЭ. Яны абмяркоўвалі сытуацыю і выпрацоўвалі стратэгію сумесных дзеяньняў. Сёньня колькасьць сябровак клюбу значна большая.

Жанчыны зноў маюць магчымасьць зьбірацца разам. Іх аб’ядноўвае агульная бяда. У ранейшы клюб у АБСЭ прыходзілі Зінаіда Ганчар, Ірына Красоўская, Вольга Захаранка, Зоя Кудзінава і Тацьцяна Клімава. Яны размаўлялі, раіліся, куды накіраваць заяву, у каго прасіць дапамогі. Потым, з павелічэньнем колькасьці палітвязьняў, колькасьць сябровак клюбу павялічылася. Галіна Сіўчык лічыць, што цягам апошніх некалькіх месяцаў іх стала столькі, што ім спатрэбіцца заля Палаца Рэспублікі, каб сабрацца разам.

«На жаль, клюб пашыраецца. Каб нам сабрацца ўсім разам, то трэба было б замаўляць Палац Рэспублікі. Толькі ў намётавым гарадку было больш за тысячу чалавек затрыманых,» — распавяла «Радыё Свабода” Галіна Сіўчык.

Тацьцяна Леановіч, жонка Андрэя Клімава, ўзгадвае часы, калі яна першы раз прыйшла на сустрэчу ў АБСЭ. Яна разьлічвае, што цяпер яе мужу здолеюць дапамагчы. Спэцкамэндатура, дзе Андрэй адбывае пакараньне, знаходзіцца ў зоне з падвышанай радыяцыяй. Тацьцяна вельмі непакоіцца за ягонае здароўе.

«Тады была такая новая зьява для сучаснай Беларусі, як палітзьняволеныя, зьніклыя апанэнты рэжыму. Мы былі ў шокавым стане. Спадар Вік адрэагаваў, калі Андрэя ў сьнежні 1999 году зьбілі ў турме. Вік дапамог, і Андрэя перавялі ў шпіталь. Я спадзяюся, што зараз місія АБСЭ зможа мне неяк дапамагчы,» — кажа жонка палітвязня.

Жонка Міколы Статкевіча Валянціна стала новай сяброўкай клюбу. Для яе клюб перш за ўсё ёсьць маральнай падтрымкай.

«Думаю, што такі клюб патрэбны. Мы адчуваем падтрымку адна адной. Паехала ў гэтыя выходныя да мужа, але нечаканасьцю стала тое, што яго зноў забралі ў камэндатуру і не выпускалі. Захацелі – пасадзіла, захацелі — выпусьцілі. Ніякага закону няма. У такім клюбе мы можам усё абмеркаваць,» —лічыць Валянціна Статкевіч.

Сяброўкі жаночага клюбу разьлічваюць на жаночую салідарнасьць і станоўчыя вынікі сваёй дзейнасьці.