Ад сёньня галадоўнікі ў Салігорску прыпыняюць акцыю пратэсту

07/06/2006

«Маладафронтаўцы», а таксама тыя, хто ім спачувае, цягам дзевяці дзён пратэставалі супраць перасьледу іх арганізацыі — «Малады Фронт», супраць утрыманьня пад вартай палітзьняволеных, а таксама высоўвалі лякальнае патрабаваньне: аднавіць на вучобе ў салігорскім ПТВ-72 свайго паплечніка Максіма Сяменчыка. Галадоўцы пайшлі насустрач просьбам сваіх бацькоў і грамадзкасьці ды пачынаюць прымаць ежу. Але дэкляруюць, што працягнуць барацьбу і падтрымку сваіх сяброў, якія надалей галадуюць у розных гарадох Беларусі.

Больш за ўсіх з прынятага рашэньня шчасьлівая маці непаўнагадовых галадоўнікаў Ільлі ды Івана Шылаў Сьвятлана Шыла:

(Шыла: ) «Я ганаруся сынамі, і мяркую, што ў будучыні, канешне, гэта ўсё ацэніцца, але ня зараз. Яны б такія не вырасьлі, калі б у нас з бацькам былі іншыя погляды. Яны свабодалюбівыя, разумееце?»

Перад выхадам з галадоўкі ўдзельнікі далі свае ацэнкі акцыі, у якой бралі ўдзел.

Уладзімер Лемеш, АГП:

(Лемеш: ) «У першую чаргу, я ацаніў свае сілы, на што рэальна здольны».

Іван Шыла, «Малады Фронт»:

(Шыла: ) «Я лічу, што гэтая галадоўка недарэмная, бо мы добра прадэманстравалі сваю грамадзкую пазыцыю. І яшчэ раз пабачылі, як дзяржава дэманструе сваю пазыцыю да простых грамадзянаў: нават тое, што тут непаўналетнія галадавалі — ім усё роўна. Ніякіх крокаў з боку ўладаў мы не пабачылі».

Павал Батуеў, партыя БНФ:

(Батуеў: ) «Мы тут добра пасябравалі. Мы прачыталі шмат кніжак, і прыцягнулі ўвагу да праблемаў рэпрэсіяў канкрэтна тут у Салігорску. На жаль, мы ня здолелі прыпыніць гэтую праблему цалкам. Але ў гэтай дзяржаве гэта такімі сродкамі, як галадоўка, ня вырашыш».

Ільля Шыла, «Малады Фронт»:

(Шыла: ) «Першыя тры дні было цяжка маральна — тое, што галадоўка. А потым было нармалёва, мы звыкліся з гэтым. Чыталі кніжкі, у нас быў інтэрнэт…»

Сяржук Пацкевіч, «Малады Фронт»:

(Пацкевіч: ) «Я быў бы рады, каб такія акцыі працягваліся ўвесь час. Але гэтая галадоўка — толькі пачатак. Ува мне яшчэ больш бунту зьявілася — прадэманстраваць уладам, што моладзь супраць. Калі празь які месяц пачнецца штосьці падобнае, я падтрымаю».

Усе ўдзельнікі салігорскай галадоўкі падкрэсьлілі, што будуць працягваць адстойваць свае патрабаваньні, і падтрымліваць сваіх сяброў, якія галадуюць у іншых гарадох Беларусі.