У Магілёве Дзень салідарнасьці ўпершыню адбыўся на цэнтральным пляцы

17/07/2006

У Дзень беларускай салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых апанэнтаў улады і палітычнымі зьняволенымі, маладыя актывісты шэрагу магілёўскіх грамадзкіх і палітычных арганізацыяў правялі свой інфармацыйны пікет у самым цэнтры горада, на так званай Зорнай плошчы. Менавіта сюды выканкам гады тры таму перанес усе масавыя мерапрыемствы, прысьвечаныя дзяржаўным сьвятам і ўрачыстым рэгіянальным падзеям.

Гэтае ж месца было ўчора ўпершыню абранае маладымі актывістамі для правядзеньня сваёй інфармацыйнай акцыі пра «Дзень салідарнасьці». Болей за дзесяць дзяўчатаў і хлопцаў а 8-й вечара сталі на пляцы, трымаючы перад сабой партрэты Захаранкі, Ганчара, Красоўскага, Завадзкага. У гэтай журботнай галерэі можна было ўбачыць таксама і партрэт Аляксандра Казуліна.

Праз паўгадзіны ўдзельнікі пікету былі затрыманыя й дастаўленыя ў два найбліжэйшыя пастарункі. Там амаль да сярэдзіны начы доўжыліся звычайныя міліцэйскія працэдуры — складаньне пратаколаў затрыманьня, высьвятленьне асобаў затрыманых, узяцьце ад іх тлумачэньняў.

Усе дастаўленыя ў міліцыю адмовіліся ад падпісаньня якіх-небудзь папераў, бо не пагаджаліся з тым, што на іхную інфармацыйную акцыю патрабаваўся дазвол. Ня ведалі, што з гэтым рабіць і самі міліцыянты, таму ўрэшце ўсіх затрыманых выпусьцілі без наступстваў. На гэткую іхную лагоднасьць паўплывала, відавочна, і прысутнасьць у міліцэйскіх пастарунках мясцовых праваабаронцаў. Сваімі дакладнымі спасылкамі на заканадаўства правабаронцы і давялі міліцыянтам беспэрспэктыўнасьць далейшага перасьледу маладых актывістаў.

 

Віктар Войт
belngo.info