У судзе Савецкага раёну Менску пачалі судзіць актывіста моладзевага дэмакратычнага руху Міхаіла Субача. Міхаіла затрымалі 16 верасьня, калі ён вяртаўся з канцэрту ў парку Дружбы народаў.
Хлопца абвінавацілі ў дробным хуліганстве. Згодна з пратаколам, Міхаіл нецэнзурна лаяўся падчас акцыі «Джынсавы фэст». Яшчэ аднаго затрыманага ўдзельніка дазволенай акцыі, Міхала Шарамета, будуць судзіць у судзе Партызанскага раёну.
Чатыры гадзіны сваякі й сябры затрыманых Міхаіла Субача і Міхала Шарамета стаялі ля будынку суду Савецкага раёну. Усе чакалі, калі прывязуць хлопцаў. Міхала Субача прывезьлі толькі пасьля абедзеннага перапынку. Міліцыянты паведамілі, што Міхала Шарамета будуць судзіць у судзе Партызанскага раёну, але яго доўгі час трымалі ў дзяжурнай частцы міліцыі.
Міхаіл Субач ня першы раз быў у судзе. 24 сакавіка яго арыштавалі на 7 сутак за ўдзел у апазыцыйнай акцыі на Кастрычніцкай плошчы. На «Джынсавым фэсьце» ён выступаў на канцэрце. Міхаіл лічыць, што яго затрымалі, каб запалохаць.
(Субач: ) «Усё выглядае так, як быццам бы ў іх быў загад затрымаць менавіта мяне. Я прадчуваў гэта — і на канцэрце памяняўся з хлопцам вопраткай, але гэта не дапамагло. Мы зь сябрам сышлі. Праехалі, можа, шэсьць прыпынкаў на тралейбусе. Потым яшчэ доўга ішлі, пакуль мяне затрымалі. Я ня ведаю дакладна, чаму мяне затрымалі. Я выступаў на сцэне. Відаць, яны вырашылі, што я нейкі моладзевы актывіст, ці лідэр, ну й вырашылі мяне затрымаць, каб запалохаць».
Маці Міхаіла Натальля Субач абураная дзеяньнямі міліцыянтаў:
(Субач: ) «Мой сын вучыўся ў Нямеччыне ва ўнівэрсытэце. Тут перамагаў на алімпіядах. За 23 гады я ніколі ня чула ад яго ніводнага кепскага слова. Я пратэстую… Майго дзеда калісь на вуліцы — спыніўся «рафік», і яго забралі. Больш ніхто яго ня бачыў. Пра тое, што майго сына так хапаюць на вуліцы, я буду зьвяртацца паўсюль».
Судзьдзя Аксана Рэлява наступнае паседжаньне ў справе Міхаіла Субача прызначыла на заўтра, 19 верасьня, таму што не зьявіліся ў суд сьведкі з боку міліцыі. Паседжаньне пачнецца а палове на шостую.
Міхала Шарамета судзілі ў судзе Партызанскага раёну Менску. Яго затрымалі пасьля заканчэньня «Джынсавага фэсту» на вуліцы Сталетава.
Сьведкі – байцы спэцназу міліцыі, казалі, што былі спачатку на плошчы Бангалор, каб сачыць за парадкам пасьля заканчэньня канцэрту.
Як яны апынуліся на вуліцы Сталетава, чаму яны зьвярнулі ўвагу на Міхала, міліцыянты не патлумачылі. Яны сьведчылі, што на адлегласьці 30 мэтраў бачылі і чулі, як Міхал махаў рукамі і нецэнзурна лаяўся.
Любоў Лунёва
Радыё Свабода