У 2014 годзе ў адпаведнасьці зь беларускім заканадаўствам сканчаюцца тэрміны даўнасьці па расьсьледаваньні крымінальных спраў аб зьнікненьні Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, а ў 2015 годзе — і Зьмітра Завадзкага.
Праваабаронцы і прадстаўнікі палітычных партыяў патрабуюць давесьці расьсьледаваньне спраў аб зьнкненьні апазыцыйных палітыкаў да канца.
Прадстаўнік пацярпелых, праваабаронца Гары Паганяйла падрыхтаваў хадайніцтва на імя генэральнага пракурора ад імя пацярпелых — Зінаіды Ганчар, Ірыны Красоўскай, Вольгі і Сьвятланы Завадзкіх. Яны патрабуюць давесьці расьсьледаваньне да канца, выканаць сьледчыя дзеяньні па адпрацоўцы адзінай вэрсіі, якая засталася, — палітычна матываванай:
«Я яшчэ ў 2003 годзе падрыхтаваў абвінаваўчы акт, у якім мы выклалі асноўныя доказы, абгрунтаванасьць нашых падазрэньняў у дачыненьні да канкрэтных фігурантаў спраў».
Але нічога не адбываецца, улады проста ігнаруюць гэтыя справы, іх пэрыядычна спыняюць, потым фармальна аднаўляюць, родным шлюць адпіскі,— кажа Гары Паганяйла.
Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч адзначае:
«Я цалкам падтрымліваю такую працэсуальную форму, як хадайніцтва. Трэба яе зрабіць максымальна публічнай. Мы павінны скарыстаць усе магчымасьці, і працэсуальныя, і прававыя. Нават калі нам ня ўдасца — мы ж разумеем, што ўлада не зацікаўленая ў расьсьледаваньні гэтых спраў. Але дзеля таго, каб падкрэсьліць і яскрава паказаць, што гэта пазыцыя ўлады, што яна не зацікаўленая ў паўнавартасным расьсьледаваньні гэтых спраў».
Гары Паганяйла перакананы: неабходна падрыхтаваць свой нацыянальны даклад па справах аб зьнікненьнях, зноў выдаць справаздачу былога спэцдакладчыка Хрыстаса Пургурыдэса, зьняць новы фільм пра зьнікненьні, запісаць інтэрвію са сьледчымі, якія зьехалі за мяжу, уздымаць тэму зьніклых у незалежных СМІ.
Праваабаронца Людміла Гразнова падкрэсьліла, што трэба даводзіць грамадзтву пра праблему зьніклых:
«Нам трэба змагацца за сьвядомасьць грамадзтва, прыцягваць увагу да гэтай праблемы на вельмі добрым мастацкім узроўні, не на прахадным, не на канцылярскім, не на чыноўніцкім. Так, каб пранікнуць у сэрца, у глыбіню душы абывацеля. Яму трэба так эмацыйна падаць гэты матэрыял, каб ён ня проста ўздрыгнуў, а сказаў: „Які кашмар, гэта недапушчальна!“»
Абавязкова трэба прыцягваць увагу міжнароднай грамадзкасьці, кажа праваабаронца Валянцін Стэфановіч.
«Абавязкова трэба мець сувязь са спэцдакладчыкам ААН спадаром Харашці. Усе дакумэнты, якія мы маем, і гэтае хадайніцтва мы павінны перадаць яму — няхай гэта ўвойдзе ў даклад, у яго ж ёсьць мандат спэцдакладчыка. Зноў трэба зьвяртацца ў Камітэт па правах чалавека ААН. Наколькі я ведаю, туды толькі Ірына Красоўская зьвярталася з індывідуальным зваротам. Ёсьць сэнс такі зварот зрабіць ад імя Вольгі Завадзкай, іншых пацярпелых».
Маці зьніклага ў 2000 годзе апэратара Зьмітра Завадзкага Вольга Завадзкая шчыра падзякавала за ўвагу ад імя ўсіх родных і сваякоў зьніклых:
«Нам гэта вельмі важна і вельмі патрэбна. Таму што мы самі бясьсільныя. Тое, што мы рабілі і што атрымлівалі, я лічу, амаральныя адпіскі, — я думаю, ніводнага сваяка гэта не супакоіла. Таму я вельмі ўдзячная, што гэтая тэма зноў уздымаецца праваабаронцамі, партыямі, грамадзкасьцю, журналістамі. Але змагацца ўсё адно трэба да канца».
На круглым стале было прынята рашэньне зьбірацца не радзей, чым раз на месяц, дамагацца рэакцыі ўладаў на ўсе звароты і хадайніцтвы, даводзіць грамадзтву пра вынікі ці, наадварот, пра бязьдзеяньне ўладаў.
Іна Студзінская
Радыё Свабода