Следчы камітэт у чарговы раз працягнуў расследаванне знікнення Юрыя Захаранкі

08/01/2018
Следчы камітэт працягнуў тэрмін папярэдняга расследавання крымінальнай справы па факце знікнення Юрыя Захаранкі да 24 сакавіка.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Алег Волчак, прадстаўнік жонкі зніклага экс-міністра ўнутраных спраў Вольгі Захаранкі, якая атрымала палітычны прытулак у Нямеччыне, аб гэтым яго апавясціў СК.

«Аб выніках расследавання вам будзе паведамлена дадаткова», — гаворыцца ў кароткім паведамленні СК на імя Волчака.

«Вельмі складана юрысту і былому старшаму следчаму пракуратуры каментаваць кожныя тры месяцы на працягу 19 гадоў (столькі ідзе бесперапыннае расследаванне справы) прадаўжэнні тэрміну папярэдняга расследавання па крымінальнай справе па факце гвалтоўнага выкрадання міністра МУС Юрыя Захаранкі. Зразумела, што ніхто нічога не праводзіць», — пракаментаваў ход расследавання праваабаронца.