«Я да ўсяго гатовая», — маці зьніклага журналіста Зьмітра Завадзкага змагаецца зь цяжкай хваробай

02/08/2018

Вольга Завадзкая, маці выкрадзенага і забітага ў 2000-м журналіста Зьмітра Завадзкага, апошнія два гады лекуецца ад цяжкай хваробы.

Новы жыцьцёвы выклік

У 2016 годзе ў яе выявілі рак малочнай залозы і пухліну ў мозгу. Вольга Рыгораўна не хавае свайго дыягназу і спакойна распавядае пра момант, які зноў, як раней зьнікненьне Зьмітра, падзяліў яе жыцьцё на «да» і «пасьля».

«Гэта было ў верасьні 2016 году. Стала непакоіць у грудзях, і я сама вызначыла, што, верагодна, гэта пухліна. Я ж мэдык, хоць і па стаматалягічнай лініі. Са сваімі падазрэньнямі зьвярнулася да лекараў, і яны ў сьнежні высьветлілі, што ў мяне рак. Прычым знайшлі яшчэ і пухліну ў мозгу. І цяпер нават невядома, гэта там пачалося ці ў грудзях. Стала лячыцца».

Лекаваньне цяжкае

Вольга Завадзкая кажа, што лекаваньне пераносіць складана:

«Больш за 30 хіміятэрапій, моцныя прэпараты, адразу выпалі валасы, пачалі адымацца ногі, зьнізілася памяць, пагоршыўся зрок. Але трымаюся. Тут выбар просты: або пачнеш панікаваць — і тады едзь у вар’ятню, альбо бяры сябе ў рукі і змагайся».

«Хіміятэрапія — гэта ж кропельніцы з рознымі лекамі. Цяжкая не сама хіміятэрапія, а што адчуваеш пасьля, бо адбываецца інтаксыкацыя ўсяго арганізму. Калі ўжо ведаеш гэтыя адчуваньні, што яны паўторацца, дык, канечне, цяжка сябе прымусіць ісьці на гэта зноў. І тады думаеш: дзеля чаго, ці варта? Пра гэта кожны, відаць, думае. Але я сабе сказала, што трэба, і цярплю».

Лекары казалі Вользе Рыгораўне, што мэтастазы ў галаве ўдалося перамагчы.

«Але чаму тады адмаўляюцца працаваць ногі? Раней, да раку, я лячыла хрыбетнік, былі праблемы. Можа, гэта яшчэ тая хвароба наклалася на новую? Добра было б ведаць. Я прафэсійны мэдык, ведаю, што дакладны дыягназ — вялікая частка справы. Ня трэба харахорыцца, але ня трэба і панікаваць. Трэба быць да сябе ўважлівай і не апускаць рукі», — кажа Вольга Завадзкая.

Змагацца з хваробай Вользе Завадзкай дапамагаюць дачка Алена і грамадзянскі муж Сяргей

Сяргей згадвае, што адзін раз Вольгу Рыгораўну падчас агляду ў шпіталі лекары пераблыталі зь іншай хворай.

«Пытаюся пасьля агляду ў лекара: які стан у Завадзкай? Лекарка кажа: „А я Завадзкую і не аглядала“. Як не аглядала, калі яна толькі што выйшла з вашага кабінэту? „Ды я вось такую аглядала“, — называе іншае прозьвішча. А тая жанчына яшчэ ў калідоры сядзіць… Карткі пераблытала, але парады і ацэнкі давала. Ну што зробіш? У іх жа паток з анкалягічнымі, а каб да кожнага свой падыход — няма часу», — кажа Сяргей.

У сувязі з хваробай Вольга Завадзкая атрымала другую групу інваліднасьці.

Падрабязна распавядаць пра сябе Сяргей адмаўляецца, кажа толькі, што знаёмы з Вольгай Завадзкай шмат гадоў, ня хоча ён і фатаграфавацца.

Вольга і Сяргей жывуць у аднапакаёўцы ў менскім мікрараёне Сухарава. Абсталявана яна сьціпла: шафы з фатаздымкамі і кнігамі на паліцах, ложак, тэлевізар, столік і крэслы. Каля балькона інвалідны вазок, на якім Сяргей, калі добрае надвор’е, вывозіць Вольгу Рыгораўну на прагулкі.

«Летам стараемся выяжджаць часьцей, але ўсё роўна не заўсёды атрымліваецца. Праз дарогу лесапарк „Мядзьвежына“, але туды складана дабрацца. Яшчэ Сяргей вывозіць мяне на кропельніцу і агляды, гэта таксама ўсё складана, ён жа працуе».

Па кватэры Вольга Рыгораўна соваецца на «хадунках» — адмысловым прыстасаваньні, якое падтрымлівае падчас руху.

«Мне важна зразумець, ад чаго я пачала падаць. Тройчы валілася ў кватэры, адзін раз у калідоры. Іду — і раптам, як удар нейкі, валюся. Бывала, што і галавой білася, шышкі набівала, шнар вось на лобе ад падзеньня застаўся. Тады стала гэтымі хадункамі карыстацца. Але і яны ўжо мала дапамагаюць — сіл не хапае абапірацца. Ня толькі ногі, рукі таксама аслабелі. Наразаць прадукты ўжо не магу, гатаваць не магу. Чайнік рука не трымае, добра, што яшчэ на кубак гарбаты сіл хапае».

На абед у Вольгі Рыгораўны былі смачныя бліны, што насмажыў Сяргей. Напярэдадні ён пасьпеў наварыць ды разьліць малінавае варэньне.

«Тры разы даводзіў да кіпеньня, як мае быць», — хваліцца дакладнасьцю выкананьня рэцэпту Сяргей.

Зьміцер Завадзкі
Зьміцер Завадзкі

Сын Вольгі Завадзкай Зьміцер зьнік 18 гадоў таму, у ліпені 2000 году. Ён ехаў у менскі аэрапорт сустракаць свайго калегу Паўла Шарамета, але не даехаў. Машыну знайшлі на стаянцы аэрапорту з павыціранымі адбіткамі пальцаў, Зьмітра ў ёй не было.

14 сакавіка 2002 году па справе аб выкраданьні Зьмітра Завадзкага былі асуджаныя 4 чалавекі — былыя супрацоўнікі спэцыяльнага атраду міліцыі «Алмаз». Пазьней суд прызнаў Зьмітра памерлым.

У 1999—2000 гадах у Беларусі бясьсьледна зьніклі лідэры апазыцыі Юрый Захаранка і Віктар Ганчар, вядомы бізнэсовец Анатоль Красоўскі і журналіст Зьміцер Завадзкі. Іх целы дагэтуль ня знойдзеныя, але апазыцыя мяркуе, што яны былі забітыя. Пра гэта сьведчаць зьвесткі былога начальніка Менскага СІЗА Алега Алкаева пра так званы «расстрэльны пісталет». Гэты пісталет, зь якога выконваюць сьмяротныя прысуды, забіраўся пад росьпіс зь Менскага СІЗА якраз у тыя пэрыяды, калі зьніклі Юры Захаранка, а потым Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі, сьцьвярджае Алег Алкаеў.

Беларускія ўлады датычнасьць да гэтых зьнікненьняў адмаўляюць.

Пошукавая справа Зьмітра Завадзкага, як і справы аб зьнікненьні Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, не закрытая, але прагрэсу ў пошуках няма.

Вольга Рыгораўна перакананая, што пакуль Лукашэнка пры ўладзе, гэтыя справы ня будуць раскрытыя.

На 13 ліпеня ў Вольгі Завадзкай заплянаваны чарговы прыём у лекара. «Я да ўсяго гатовая», — кажа Вольга Рыгораўна.