10 сакавіка вынесеныя чарговыя прысуды ўдзельнікам акцыі 19 снежня супраць фальсіфікацыі выбараў.
Суд Маскоўскага раёна Менска прызнаў расейцаў Арцёма Брэўса, Івана Гапонава і беларускага прадпрымальніка Зміцера Мядзведзя вінаватымі ва ўдзеле ў так званых масавых беспарадках у Менску (ч. 2 арт. 293 КК).
Мядзведзя прысудзілі да 3 год пазбаўлення волі без накіравання ў выпраўленчыя ўстановы. Прадпрымальнік будзе знаходзіцца пад наглядам міліцыі, яго вызвалілі з-пад варты ў зале суда.
Расейцаў аштрафавалі на 10,5 мільёнаў рублёў кожнага.
Прысуд грамадзянам РФ вынесла суддзя Любоў Сямахіна, Зміцеру Мядзведзю — суддзя Алена Рудніцкая.
Дзяржаўны абвінаваўца Сяргей Кунас на судовым працэсе па справе расейцаў, абвінавачаных ва ўдзеле ў масавых беспарадках, папрасіў суд прызначыць Арцёму Брэўсу і Івану Гапонаву штраф у памеры эквівалентным каля $5,8 тыс. кожнаму. У той жа час, нягледзячы на адсутнасць доказаў віны падсуднага, пракурор Мазоўка папрасіў суд прызначыць прадпрымальніку Зміцеру Мядзведзю 4 гады строгага рэжыму.
Прадстаўнікі абароны расейцаў Арцёма Брэўса і Івана Гапонава абвяргаюць сам факт масавых беспарадкаў на плошчы Незалежнасці ў Менску 19 снежня. Як заявіла адвакатка Брэўса Алена Казак, мелі месца не масавыя беспарадкі, а масавае парушэнне грамадскага парадку.
Адвакат Сяргей Лепеш запатрабаваў поўнасцю апраўдаць Змицера Мядзведзя па прад’яўленым яму абвінавачванні. Па словах Лепеша, няма ні аднаго доказу таго, што Мядзведзь здзейсніў злачынства ў складзе групы асоб па папярэдняй змове, у чым яго абвінавацілі. Як сказаў адвакат, у судовым следстве не было знойдзена ніякіх доказаў таго, што Мядзведзь аказваў ўзброены супраціў супрацоўнікам міліцыі. Не было знойдзена таксама доказаў таго, што падчас мітынгу 19 снежня 2010 г ажыццяўляліся якія-небудзь падпалы, што Мядзведзь выкарыстощваў якую-небудзь зброю альбо прадметы, якія выкарыстоўваюцца ў якасці зброі.
Супрацоўнікі спецназа, якія прыбылі сёння ў суд у якасці пацярпелых, не змаглі апазнаць ні Брэўса з Гапонавым, ні Мядзведзя.
Раней да 4 гадоў строгага рэжыму былі прысуджаныя прэс-сакратар кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава Аляксандр Атрошчанкаў і актывіст штаба Уладзіміра Някляева Васіль Парфянкоў. Да 3,5 і 3 гадоў строгага рэжыму прысуджаныя актывісты Зміцер Новік і Аляксандра Малчанаў.
Хартыя´97