15/01/2010

У суботу 16-га студзеня а першай гадзіне дня ў Нью-Ёрку насупраць галоўнага офісу ААН будзе праведзена акцыя, прысьвечаная Дню Беларускай Салідарнасьці.

Яна традыцыйна пройдзе ў памяцяць аб людзях, якія змагаліся за вольную і дэмакратычную Беларусь, і для падтрымкі тых беларусаў, якія працягваюць сёньня ісьці па пракладзеным паўстанцамі Касьцюшкі і Каліноўскага, чытачамі купалаўскай "Нашай Нівы", заснавальнікамі БНР, слуцкімі ваярамі ды палегшымі ў Курапатах і мільёнамі іншых беларусаў на працягу нашай насычанай тысячагадовай гісторыі шляху. Гэта шлях да дэмакратычнай Беларусі, у якой будуць паважаць чалавека, ганарыцца беларускай спадчынай і будуць думаць пра лёс нашай роднай краіны і будучыню ды дабрабыт усіх беларусаў.

Мы хочам прадэманстраваць гэтай акцыяй, што дух свабоды і перамен прысутнічае ў Беларусі і свабода і лепшае жыцьцё абавязкова стануць здабыткам беларусаў.

Беларусь — гэта тое, што нас аб’ядноўвае. Будзем разам у гэты дзень, дзе б мы не знаходзіліся!

Адрэса, па якой будзе праведзена чарговая акцыя, прысьвечаная Дню Беларускай Салідарнасьці: 760 United Nations Plaza,New York City, NY 10017 (паміж E 42 i E 43 Street на 1 Avenue).

Дата: субота, 16 студзеня, 2010
Час: 1:00PM to 2:00PM

Сустрэнемся ў суботу 16-га студзеня!
Хай вечна жыве Беларусь!

Нагадаем, што ў гэты ж дзень, 16 студзеня, акцыя салідарнасьці пройдзе і ў Вашынгтоне насупраць беларускай амбасады (пачатак яе а 16-й гадзіне; цягнуцца яна будзе да паловы на шостую).

 

Беларускi Моладзевы Рух Амерыкi