17/02/2010

14 лютага ў Дзень Сьвятога Валянціна ўладамі была разагнаная традыцыйная маладафронтаўская акцыя любові. Расьцяжку з надпісам «Люблю Беларусь» забралі праз трыццаць секундаў пасьля зьяўленьня. Сьвяточныя анёлы апынуліся ў пастарунку. Неакаторых затрыманых зьбілі.

Такі хуткі й жорсткі разгон самай сьветлай, мірнай маладафронтаўскай акцыі адбыўся ўпершыню. У адрозненьне ад мінулых гадоў, сёлета маладафронтаўцам нават не далі сабрацца.

Напачатку Іван Шыла спрабаваў пагутарыць з начыльнікам МУС грамадзкага парадку Аляксандрам Барсуковым. Іван зазначыў, што зараз ла ратушы мірную акцыю замінаюць правесьці тыя ж людзі, што паспрыялі разрыву маладафронтаўскай дамовы з гатэлем Crown Plaza, дзе плянавалася з нагоды Дня Сьвятога Валянціна правесьці прэмію «Люблю Беларусь».

Ля Ратушы лідар «Маладых Дэмакратаў» Міхал Пашкевіч за распрацаваны праект альтэрнатыўнай службы атрымаў маладафронтаўскую прэмію «За грамадскую чыннасць».

А 18:05 пачаліся першыя затрыманьні. Пасьля міліцыянты ў цывільным забралі расьцяжку «Люблю Беларусь». Некаторых актывістаў літэральна заносілі ў аўтобус.

З катэдральнага касьцёлу выйшлі дзяўчынкі-анёлы з кветкамі. Яны перайшлі праз вуліцу й ля аўтобуснага прыпынку на іх накінуўся спэцназ. У удзельнікаў акцыі вырвалі сьцягі. Некаторых дзяўчынак цягнулі па асфальце за ногі, каб завалакчы ў аўтобус.

Удзельнікі акцыі засьпявалі «Магутны Божа». У хуткім часе пад’ехаў трэці аўтобус.

Агулам затрымалі больш за 22 чалавекі (у тым ліку 4 непаўнагадовыя). Сярод іх усе намесьнікі старшыні МФ, сьвяточныя анёлы, якія ішлі з кветкамі. Чатыры аўтобусы вывозілі моладзь з плошчы. У Цэнтральным РАУС агульнае стаўленьне да актывістаў было абразьлівым. Падчас затрыманьня зьбілі Мікалая Дземідзенку, Рыгора Астапеню, непаўнагадовых Ільлю Шылу й Станіслава Стэсіка. Некалькі моцных удараў таксама атрымала Тацяна Шапуцька. У пастарунку маладафронтаўку Марыну Шыдлоўскую абразілі, чым давялі дзяўчыну да сьлёзаў.

Міхаіла Пашкевіча зьбілі, калі ён заступіўся за Насту Палажанку. Хлопца выводзілі ў асобны пакой «на размову» — разьбілі акуляры, адабралі статуэтку, якую ён атрымаў на як ляўрэат прэміі «Люблю Беларусь». Спэцназаўцы пакінулі яе сабе. Міліцыянты канфіскавалі вуды й крылы.

Апрача таго ў пастарунку апынулася жанчына, якая нават ня ведала пра акцыю.

А 20 гадзіне затрыманых пачалі выпускаць, да 21:00 усе маладафронтаўцы былі вызвалены.

Пасьля акцыі «Люблю Беларусь!» Тацяне Шапуцьцы ў шпіталі паставілі дыягназ: закрытая лёгкая чэрапна-мазгавая траўма.

Сёлета маладафронтаўская акцыя 14 лютага адбывалася ў чатырнаццаты раз. Аднак гэты год асаблівы — хутка адбудуцца мясцовыя выбары, напрыканцы году плянуюцца прэзідэнцкія. На прыкладзе апошніх вулічных акцыяў рэжым паказвае, што будзе трымацца свайго й намагацца ў кароткія тэрміны заціснуць любую непадкантрольную ініцыятыву.

Як можна назваць людзей, якія баяцца анёлаў? Відаць, сьветлыя дзяўчынкі ў белых строях з крыламі уяўляюць вялікую небясьпеку, таму іх трэба адразу цягнуць у аўтазак.