У Курапатах ушанавалі памяць ахвяраў сталінскага тэрору

31/03/2010

У панядзелак 29 сакавіка а 17:00 у Курапатах адбылася традыцыйная акцыя ўшанаваньня памяці ахвяраў камуністычных рэпрэсіяў. Акцыя была прысьвечана сямідзесяцігодзьдзю расстрэлаў афіцэраў польскай арміі НКВД у красавіку-траўні 1940 года з Катыні, Харкаве і Цьвяры, а таксама ў турмах Заходняй Беларусі і Украіны. Пра падзеі распавядаў кандыдат гістарычных навук Ігар Кузьняцоў.

Гісторык Ігар Кузьняцоў распавёў пра меркаванае месца расстрэлу афіцэраў польскай арміі, якое знаходзіцца ў Курапатах. У 1997 годзе вайсковая пракуратура ладзіла праверку, паводле якой тут у 1940 годзе расстраляна 74 чалавекі, зь іх два, арыштаваныя ў Гародні, ідэнтыфікаваныя — знойдзены іхнія гаманцы з грашыма. Гэта быў другі этап так званай “польскай апэрацыі”.

— Неабходна ведаць, — зазначыў Ігар Кузьняцоў. — Тэрміны ‘афіцер польскай арміі’ й ‘польскі афіцэр’ не супадаюць. Польскі афіцэр зьяўляецца палякам па нацыянальнасьці. Афіцэр польскай арміі служыў у войску польскай дзяржавы й зусім не абавязкова зьяўляўся палякам. Напрыклад, з растраляных у Катыні 4421 афіцэраў польскай арміі 1450 зьяўляліся беларусамі.

Мы ўшаноўваем памяць усіх ахвяраў, не падзяляючы растраляных па нацыянальнасьці, засяроджваючыся ў першую чаргу на злачынствах камуністычнага рэжыму.

Валерыя Чарнаморцава, каардынатар праекту ‘Пакаяньне’, нагадала прысутным пра стагодзьдзе беларускай паэткі Ларысы Геніюш, пакутніцы камуністычнага ГУЛАГу.

Выступілі прадстаўнікі моладзі: намесьнік старшыні МФ Мікалай Дземідзенка, моладзевыя актывісты Артур Фінькевіч, Зьміцер Касьпяровіч. Юнакі распавялі аб барацьбе за Курапаты ў 2001 годзе пры пашырэньні Менскай кальцавой аўтамабільнай дарогі, пра намаганьні беларускай грамадзкасці па стварэньні народнага мэмарыяла ва ўрочышчы, адзначылі асаблівасьць сёньняшняй супольнай малітвы ў жалобным месцы.

Старшыня "Мемарыяла" Вячаслаў Сіўчык запрасіў 7 красавіка на вечарыну памяці, якая пройдзе ў дзень пачатку расстрэлаў у Катыні на ўправе БНФ (Машэрава, 8). Пачатак а 16-00. У праграме прагляд дакументальнага фільму пра Катынь.