Ульяна Захаранка: Няма сына — няма спакою

07/05/2010

Сёньня, у дзень 11-х угодкаў гвалтоўнага зьнікненьня былога міністра ўнутраных спраў Беларусі, генэрала Юрыя Захаранкі, грамадзкія актывісты Гомелю наведалі ягоную маці Ўльяну Рыгораўну Захаранку. Яна зараз знаходзіцца на лекаваньні ў абласным клінічным шпіталі вэтэранаў вайны.
86-гадовая Ўльяна Рыгораўна лекуецца ў 4-м тэрапэўтычным аддзяленьні шпіталя. Наведнікі пацікавіліся найперш пра яе самаадчуваньне:

«Я стала моцна хварэць, таму што перажываю. У мяне стэнакардыя сэрца, бясконцыя прыступы — сэрца гарыць, плечы гараць, артэрыяльны ціск больш за 200. Звычайна ў такіх выпадках я хуткую мэдычную дапамогу выклікаю, а цяпер ужо й „хуткая“ не дапамагае. Дык мяне ў Гомель у шпіталь накіравалі. Ну, а тут ціск крыху нармалізаваўся: кропельніцы ставяць».

Да шпіталя вэтэранаў вайны Ўльяна Рыгораўна лекавалася ў сябе дома, у Васілевіцкім шпіталі, дзе некалі працавала. А пасьля выпіскі чакала чаргі ў Гомель. На днях тут зьявілася месца, і Ўльяну Рыгораўну прывезьлі ў абласны шпіталь. Яна мае права тут лекавацца.

У гады Другой усясьветнай вайны Ўльяну Рыгораўну разам зь іншымі дзяўчатамі-падлеткамі фашыстоўцы гвалтоўна вывезьлі з роднай Палтаўшчыны на работы ў Нямеччыну.

У Кёльне Ўльяна працавала са стрыечнай сястрой на кухні ў гаспадароў рэстарацыі, а калі горад пачала бамбіць авіяцыя саюзьнікаў, патрапіла ў лягер для гастарбайтэраў пры драцяной фабрыцы.

У выгнаньні Ульяна пазнаёмілася са сваім будучым мужам Мікалаем Захаранкам, такім жа гаротнікам зь Беларусі.

Вызвалілі гастарбайтэраў амэрыканскія войскі. Нейкі час іх трымалі на перасыльным пункце, а пасьля перадалі савецкаму камандаваньню.

У 1991 годзе Ўльяна Рыгораўна з сынам Юрыем наведала Нямеччыну. Кёльн яна не пазнала:

Ульяна Захаранка ля сваёй хаты год таму.
«Мы зь Юрам езьдзілі ў 91-м годзе ў Нямеччыну. Нас запрашалі й вазілі па колішніх развалінах. Цяпер гэты горад не пазнаць: там зроблена ўсё ад „а“ да „я“. Я ўсё ўспамінаю, пад якімі мы бомбамі былі. Там на кожным кроку сьмерць была. Гэта страх і сьлёзы».

Калі ў 99-м годзе генэрал Захаранка раптоўна зьнік, Нямеччына дала прытулак ягонай сям’і — жонцы Вользе й дзьвюм дочкам. Ульяна Рыгораўна кажа, што яны тэлефануюць ёй зь Нямеччыны даволі часта:

«Цяпер яны Вольгу глядзяць і ўнучак глядзяць. Алена там скончыла курсы кіроўцаў — машыну сама водзіць. Раней вучылася на прадаўца, працавала ў краме. А цяпер яе накіравалі яшчэ на два гады вучыцца. Я калі была дома, то яна тэлефанавала мне ранкам і ўвечары. Казала: «Бабуля, я выдатна вучуся, мову нямецкую вывучыла».

У Нямеччыне нарадзіўся й праўнучак Ульяны Рыгораўны — унук зьніклага генэрала Захаранкі. А дзе ён сам, ніхто маці ня кажа. Віншавальныя паштоўкі й мэдаль улады да Дня Перамогі прыслалі, а пра зьніклага сына — маўчаць.

Старшыня абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў, які сёньня таксама наведваў Ульяну Захаранку ў шпіталі, кажа пра гэта:

«Так, гэта добра — і мэдалі, і ўвага. Але трэба ў першую чаргу вырашаць тое, што турбуе чалавека. У размове сёньня з Ульянай Рыгораўнай зноў пацьвердзілася, што яе турбуе найперш лёс сына. Гэтая няпэўнасьць прыгнечвае яе й не дае спакою. Зразумела, што яна значна лепш сябе пачувала б, калі б была нейкая пэўнасьць і яна ведала, дзе яе сын».