Сёння ў Жэневе ў межах сесіі Рады па правах чалавека ААН плануецца разгляд справаздачы аб становішчы з правамі чалавека ў Беларусі.
Пасля гэтага будуць зробленыя высновы і заяўленыя рэкамендацыі па паляпшэнні становішча ў гэтай галіне. Юрыст Беларускага Хельсінкскага Камітэта Гары Паганяйла, які таксама прыме ўдзел у гэтым мерапрыемстве, распавёў Euramost.org пра тое, што падрыхтавалі ў ААН беларускія праваабарончыя арганізацыі.
— Будзе разгледжаны не толькі Нацыянальны даклад, падрыхтаваны Міністэрствам замежных справаў Беларусі (МЗС), але і матэрыялы, якія падрыхтавалі для Універсальнага перыядычнага агляду беларускія незалежныя праваабарончыя арганізацыі (НПА), — кажа Гары Паганяйла. — І адразу ж адзначаем, што ў апошняе дзесяцігоддзе сітуацыя ў Беларусі адрознівалася наяўнасцю сур’ёзных сістэмных праблемаў з правамі чалавека, што было прадметам пастаяннай крытыкі як унутры краіны, так і на міжнароднай арэне.
— А канкрэтней?
— Возьмем хаця б смяротнае пакаранне. На гэты момант Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе і краінах былога СССР, якая практыкуе выкарыстанне смяротнага пакарання. Працэдуры выканання смяротных прысудаў у Беларусі Камітэтам ААН па правах чалавека расцэньваюцца як негуманнае і нялюдскае абыходжанне: сваякам не даецца інфармацыя аб даце прывядзення прысуду ў выкананне, не выдаюцца асабістыя рэчы пакараных, а таксама целы для пахавання. Пра месцы пахавання не паведамляецца. Асобы, асуджаныя да смяротнага пакарання прысудам Вярхоўнага суда, пазбаўленыя магчымасці іх абскарджання ў касацыйным парадку, бо прысуды Вярхоўнага суда ўступаюць у сілу неадкладна пасля іх вынясення. Беларускія ўлады не прыкладаюць дастатковых высілкаў для расследавання гучных справаў, якія тычацца выпадкаў гвалтоўных, палітычна матываваных знікненняў В.Ганчара, Дз.Завадскага, Ю.Захаранкі і А.Красоўскага ці пра гэтыя высілкі нічога не вядома. У дачыненні да знікненняў і магчымых пазасудовых пакаранняў смерцю сваякі зніклых і міжнародная грамадскасць падазрае высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў.
— Сёння вельмі актуальнае пытанне — справядлівы суд…
— Так, Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь гарантуе кожнаму абарону яго правоў і свабодаў кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны. Канстытуцыяй замацоўваецца, што суддзі незалежныя і падпарадкоўваюцца толькі закону. На практыцы прынцып незалежнасці суддзяў сур’ёзна парушаецца. У 2000 г. згаданая праблема вывучалася спецдакладчыкам ААН па пытанні аб незалежнасці суддзяў і адвакатаў. У дакладзе паказвалася на сур’ёзныя парушэнні прынцыпаў незалежнасці суддзяў у Беларусі. Аднак ніводная з рэкамендацыяў, якія ўтрымліваюцца ў дакладзе, Урадам Беларусі не выкананая. Рэальны ўдзел судзейскага самакіравання ў падборы кадраў на пасады суддзяў, іх далейшае пасоўванне па службе, а таксама ў пытаннях звальнення зведзены да мінімуму. Падбор суддзяў ажыццяўляецца Міністэрствам юстыцыі і яго структурамі на месцах. Маюцца сур’ёзныя праблемы ў забеспячэнні публічнасці крымінальнага працэсу.
— І, напэўна, не менш актуальная тэма свабоды слова ў краіне?
— Крымінальны кодэкс утрымлівае шэсць артыкулаў, якія вызначаюць адказнасць за паклёп і абразу Прэзідэнта, прадстаўнікоў улады, суддзяў, а таксама за «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь». Згаданыя артыкулы неаднаразова ўжываліся на практыцы. У лютым 2009 г. набыў сілу новы закон «Аб сродках масавай інфармацыі». У прыватнасці, закон прадугледжвае рэгуляванне дзейнасці інтэрнэт-СМІ пастановай урада, перарэгістрацыю ўсіх СМІ, спрашчае працэдуру закрыцця СМІ, зніжае ступень абароненасці журналістаў і рэдакцыяў. Судовае спыненне дзейнасці СМІ магчымае нават у выпадку аднаразовага грубага парушэння заканадаўства ці пасля двух папярэджанняў за любыя, нават самыя нязначныя, парушэнні. Беларускія ўлады перашкаджаюць дзейнасці ў краіне карэспандэнтаў замежных СМІ. Пракуратура шырока выкарыстоўвае свае паўнамоцтвы па вынясенні папярэджанняў у іх адрас. Пры гэтым пракурорскія працаўнікі і супрацоўнікі КДБ спасылаюцца на Закон «Аб сродках масавай інфармацыі», які забараняе дзейнасць журналістаў замежных СМІ на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь без акрэдытацыі. Тым часам, міністэрства замежных справаў некалькі разоў адмаўляла ў акрэдытацыі замежным карэспандэнтам. Улады перашкаджаюць распаўсюду недзяржаўных СМІ. Адным словам, праблемаў шмат, і мы гэтыя праблемы будзем узнімаць…