Сёння спаўняецца 6 гадоў з дня забойства Веранікі Чаркасавай

20/10/2010

20 кастрычніка спаўняецца 6 гадоў з дня забойства беларускай журналісткі Веранікі Чаркасавай.

Папярэдняе расследаванне па гэтай справе прыпынена, і гэта пацвердзіў 19 кастрычніка прэс-службе БАЖ старшы памочнік пракурора г. Мінска Сяргей Балашаў.

Па яго словах, аперытаўна-вышуковая праца па справе па-ранейшаму вядзецца, але «нічога станоўчага ў плане раскрыцця гэтага злачынства» следства паведаміць не мае. Расследаванне не аднаўлялася з лютага 2007 года, а прыпынена было «ў сувязі з невысвятленнем асобаў, якія падлягаюць прыцягненню ў якасці абвінавачаных».

«Мы так і не атрымалі адказу на пытанне, хто пазбавіў нас адзінай дачкі, а цяпер яшчэ і згубілі адзінага ўнука. З першага ж дня пасля забойства Веранікі на яе 15-гадовага сына Антона спрабавалі „павесіць“ гэтае злачынства. З-за пастаяннага ціску і правакацый ён вымушаны быў з’ехаць з краіны. Так што, можна сказаць, расправіліся не толькі з Веранікай. Расправіліся з усёй нашай сям’ёй», — кажа маці Веранікі Дзіяна Чаркасава.

«Сёння, праз 6 гадоў пасля забойства, яшчэ больш відавочна, што прычынай гібелі Веранікі стала перастрахоўка пэўных асобаў, што баяліся ўцечкі небяспечнай для іх інфармацыі», — лічыць айчым журналісткі Уладзімір Мялешка.

Гэтую версію, нагадаем, адным з першых вылучыў калега журналісткі Сяргей Сацук у сваім расследаванні «Страх как достаточное основание, или Кто расправился с Вероникой Черкасовой?»:

«…У апошніх кантактах Нікі, у тым ліку зафіксаваных тэлефонам, ёсць нітачка, якая можа праліць свтло на гэтае забойства. Гаворка ідзе пра кантакт з адным з супрацоўнікаў „Інфабанка“, пра чалавека, які непасрэдна займаўся фінансавым бокам іракскіх кантрактаў. Ніка пазнаёмілася з ім два гады таму (за 2 гады да забойства — заўв. рэд.) пасля серыі скандалаў, калі ў прэсе пачалі з’яўляцца паведамленні пра тое, што „Інфабанк“ нібыта мае дачыненне да адмывання сродкаў ад продажу зброі Іраку. Каб спыніць чуткі, кіраўніцтва банка вырашыла зладзіць для беларускіх журналістаў паездку ў гэтую краіну і на месцы паказаць, чым там займаецца банк. У складзе дэлегацыі былі Ніка і той самы супрацоўнік банка. Два гады пасля паездкі паміж імі, па словах бацькоў, не было абсалютна ніякіх кантактаў, і толькі за некалькі месяцаў да трагічных падзей яны раптам пачалі сустракацца. Незадоўга да смерці Вераніка таксама нечакана пачала збіраць інфармацыю пра „Інфабанк“, якая з’яўлялася раней у прэсе.

Вось мы і падабраліся да таго, з чаго пачалі — страх. Невядома, планавала Ніка якую-небудзь публікацыю пра гандаль зброяй ці не, але яе шчыльныя кантакты з супрацоўнікам „Інфабанка“ і збор матэрыялу цалкам верагодна маглі кагосьці напужаць. Не банкіраў, канечне ж, а асобаў больш значных. А страх, у сваю чаргу, нараджае агрэсію.»

20 кастрычніка сваякі і калегі Веранікі Чаркасавай наведаюць яе магілу на Каладзішчанскіх могілках.