Ён можа быць рэалізаваны ў выпадку, калі на выбарах не будзе грубых парушэнняў.
Кіраўнік Беларусі А. Лукашэнка і 35 яго цяперашніх і былых падначаленых па-ранейшаму змогуць падарожнічаць па ЕС, паводле новых санкцый. Але пяць вядомых наменклатуршчыкаў застаюцца персонамі нон-грата.
Дыпламаты ЕС дамовіліся наконт мераў і суправаджальнага камюніке ў Брусэлі ў чацвер (21 кастрычніка) з міністрамі замежных справаў, якія ўхваляць пастанову ў сталіцы ЕС у панядзелак.
У камюніке паведамляецца: «Рада пацвярджае важнасць крытычнага ўзаемадзеяння ЕС з Беларуссю і неабходнасць працягу на высокім узроўні палітычнага дыялогу паміж ЕС і Беларуссю як спосабу ўмацавання ўзаемапаразумення і стварэння магчымасці для вырашэння пытанняў, якія выклікаюць заклапочанасць».
У дакуменце выказваецца «глыбокае шкадаванне» пра «адсутнасць прагрэсу» ў Беларусі ў такіх пытаннях, як верхавенства закона, правы чалавека, свабода слова, свабода аб’яднанняў і свабода сходаў.
На блізкіх прэзідэнцкіх выбарах у снежні дакумент «заклікае беларускія ўлады правесці выбары [у адпаведнасці] з міжнароднымі нормамі і стандартамі» і «вітае» запрашэнне ў Мінск заходніх назіральнікаў.
Пад “крытычным узаемадзеяннем" адны дыпламаты маюць на ўвазе тое, што ЕС крытычна (нават негатыўна) ставіцца да палітычнай сітуацыі ў краіне. Іншыя разумеюць гэта так, што адносіны Беларусі і Еўрасаюза знаходзяцца на крытычным этапе, бо выбары будуць тым вырашальным момантам, які акрэсліць характар новых сувязяў.
Еўрапейская камісія распрацавала праект так званага сумеснага прамежкавага плану (Joint Interim Plan) для Беларусі — 20-старонкавы пералік рэформаў, якія варта ажыццявіць на працягу наступных трох-пяці гадоў. У выпадку згоды Беларусі з рэкамендацыямі план можа быць уведзены пасля выбараў, калі не будзе грубых парушэнняў, такіх як масавыя затрыманні або збіццё людзей.
Гэты крок стаў бы палітычным водападзелам і паставіў бы Беларусь на адзін узровень з прыязнымі да ЕС постсавецкімі краінамі, такімі як Грузія, Малдова і Украіна.
ЕС падоўжыў забарону на ўезд для кожнага з 41 чалавека ў сваім спісе да 31 кастрычніка 2011. Але ў дачыненні 36 чалавек дзейнічае мараторый, неўязднымі застаюцца пяць асобаў.
Санкцыі былі ўведзеныя ў сувязі з фальсіфікацыямі на выбарах і рэпрэсіямі супраць мірных дэманстрантаў падчас папярэдніх прэзідэнцкіх выбараў у 2006 годзе.
Некаторыя санкцыі за апошнія 5 гадоў захавалі толькі сімвалічнае значэнне, іншыя ж засталіся значнымі.
З пяці асобаў, якія па-ранейшаму падпадаюць пад санкцыі, двое — Юры Падабед (былы начальнік мінскага АМАПа) і Юры Сівакоў (былы міністр унутраных справаў) — страцілі свае пасады і ласку прэзідэнта. Уладзімір Навумаў (былы міністр унутраных справаў) пасаду страціў, але, як кажуць, застаўся блізкі да Лукашэнкі. Віктар Шэйман (былы генеральны пракурор) — цяпер памочнік прэзідэнта і адказвае за беларуска-венесуэльскія адносіны. Лідзія Ярмошына па-ранейшаму з’яўляецца кіраўніком Цэнтральнай выбарчай камісіі.
Многія з астатніх 36 чалавек ужо не пры ўладзе. Адна з ключавых фігураў, Сцяпан Сухарэнка, былы кіраўнік КДБ, быў зняты з пасады і прызначаны амбасадарам у Арменіі. Некаторыя іншыя, у тым ліку Мікалай Лазавік (сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі), Наталля Пяткевіч (намеснік кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі) і Аляксандр Зімоўскі (кіраўнік дзяржаўнага тэлебачання і радыё) застаюцца актыўнымі і ўплывовымі.
ЕС абгрунтоўвае такі падзел спісу неабходнасцю падтрымкі замежнай палітыкі ЕС і ўсталявання больш цесных сувязяў.
Але саступкі немагчымыя ў маральным плане. Дыпламаты ЕС, грунтуючыся на інфармацыі дакладу Рады Еўропы 2004 года, лічаць, што Віктар Шэйман персанальна адказны за знікненне і смерць чатырох дысідэнтаў, якія зніклі ў перыяд паміж 1999 і 2004 гадамі.
Некаторыя дыпламаты прызнаюць, што меркаваныя забойствы не маглі быць здзейсненыя без дазволу Лукашэнкі, але кажуць, што ў Мінску больш няма з кім абмяркоўваць рэформы.
Тым не менш, Дзмітрый Паўлічэнка, былы афіцэр службы бяспекі ў Міністэрстве ўнутраных справаў, які таксама абвінавачваўся ў злачынствах у расследаванні Рады Еўропы, трапіў у лік 36 асобаў, вызваленых ад санкцый.
Крынiца: Наша нiва