Вядомы беларускі сцэнарыст Уладзімір Халіп напісаў кнігу “Мы помнім”. Яна прысвечана Юрыю Захаранку, Віктару Ганчару, Анатолю Красоўскаму, Дзмітрыю Завадскаму і Генадзю Карпенку.
Прэзентацыя кнігі, напісанай на трох мовах (беларускай, рускай і англійскай), адбылася ў сталічным рэстаране “Зялёны яблык”.
У кнізе няма дакументаў, рапартаў, старонак з крымінальнай справы. У яе цэнтры — лёсы. Тых, хто загінуў, і тых, хто жыве.
“Мы хацелі адысці ад простага дакументальнага падыходу пераказу таго, што адбылося, — адзначыў вядучы прэзентацыі драматург і кіраўнік “Свабоднага тэатра” Мікалай Халезін. — Нам хацелася, каб гэтыя людзі былі такімі, якімі мы іх ведалі і запомнілі. Грамадзянская ініцыятыва “Мы помнім”, у прыватнасці, Іра Красоўская і Света Завадская, узялі гэты праект пад сваю апеку”.
“Прайшло 11 гадоў — гэта вельмі вялікі тэрмін, — сказала Ірына Красоўская. — Свет змяняецца, мы мяняемся. Не змяняюцца толькі Юрый Захаранка, Віктар Ганчар, Анатоль Красоўскі, Дзмітрый Завадскі, Генадзь Карпенка. Яны засталіся тымі самымі. У гэтай кнізе яны ва ўспамінах тых, хто іх ведаў і любіў. Мы павінны расказаць пра іх нашым унукам, якія іх ніколі не бачылі. Наш абавязак — напомніць людзям пра тых, каго мы страцілі.
“Мы помнім” — гэта кніга пра памяць. І пра каханне. Тут сабраны 24 споведзі. Але ў кнігі ёсць аўтар — Уладзімір Халіп. Дзякуючы яму яна загучала. Хачу падзякаваць сваім добрым сябрам Мікалаю Халезіну і Наталлі Калядзе за тое, што гэты праект ажыццявіўся”.
“У кнізе сабраны не сенсацыі і не расследаванні — гэтага ўжо дастаткова, — адзначыў Уладзімір Халіп. — Як сказаў вядомы юрыст Гары Паганяйла, засталося толькі правесці юрыдычную працэдуру. Спадзяюся, што яна адбудзецца. Але пакуль зло не пакарана. І злачынцы яшчэ свабодна ходзяць па зямлі. Але гэта скончыцца. Не бывае так, каб зло засталося не пакараным”.
На мерапрыемства сабралася шмат народу, сярод якіх былі Святлана Завадская з мужам Сержуком Бахуном, Лера Красоўская, кінарэжысёры Віктар Дашук і Юрый Хашчавацкі, мастак Аляксей Марачкін, праваабаронцы Алег Волчак і Валерый Шчукін, паэт Сяргей Законнікаў, юрыст Гары Паганяйла, экс-міністр і дыпламат Міхаіл Марыніч з жонкай Таццянай, амбасадар Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан і амбасадар Венгрыі Ферэнц Контра, старшыня Вярхоўнага Савета 12-га склікання Станіслаў Шушкевіч, кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў, бацька сямі дзяцей, дацэнт Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Яўген Маліноўскі і многія іншыя. Напрыканцы вечара Станіслаў Шушкевіч з усмешкай заўважыў: “Які прыемны вечар атрымаўся, і самае галоўнае — ніводнага агіднага твару!”.
Акрамя Мінска прэзентацыя кнігі “Мы помнім” адбылася таксама ў Нарвегіі і Амерыцы.
Марына Коктыш
Народная Воля
Фота: Юлiя Дарашкевiч