У сьпісе 15 найбольш вядомых палітвязьняў сьвету Freedom House прыводзіць імя беларуса Мікалая Аўтуховіча. Паводле гэтай праваабарончай арганізацыі, Аўтуховіч натхняў землякоў не баяцца выказвацца супраць рэжыму.
Сьвет мае шмат Лю Сяо Бо. Да Дня правоў чалавека і дня завочнага ўручэньня Нобэлеўскай прэміі міру зьняволенаму кітайскаму дысыдэнту на сайце www.foreignpolicy.com зьявіўся сьпіс найбольш вядомых палітзьняволеных сьвету. Сьпіс складзены праваабарончай арганізацыяй Freedom House. Лю Сяо Бо, гаворыцца ў артыкуле, адзін з сотняў прыкладаў невінаватых мужчынаў і жанчынаў , якія зьняволеныя па ўсім сьвеце за іх палітычныя погляды і адстойваньне правоў чалавека.
У сьпіс пад назвай “Плянэта Гулаг” уключаныя 15 краінаў: Бахрэйн, Беларусь, Бірма, Віетнам, Гамбія, Іран, Казахстан, Кіргізстан, Кітай, Куба, Паўночная Карэя, Расея, Руанда, Сырыя, Узбэкістан.
Найбольш вядомымі палітзьняволенымі Расеі называюцца Міхаіл Хадаркоўскі і Платон Лебедзеў. У Казахстане адбывае свой тэрмін Яўген Жоўціс, былы кіраўнік міжнароднага бюро правоў чалавека, асуджаны за нібыта ўчыненую ім дарожную аварыю са сьмяротным зыходам. У Іране за антыдзяржаўную прапаганду была асуджаная адвакатка Насрын Сатоўдэх, якая абараняла Нобэлеўскую ляўрэатку міру Шырын Эбадзі.
У пэрсанальным разьдзеле, прысьвечаным Мікалаю Аўтуховічу, беларускаму палітвязьню, адзначаецца, што ўпершыню гэты пасьпяховы прадпрымальнік і дэмакратычны актывіст быў арыштаваны ў кастрычніку 2005 году. Абвінаваціўшы ў нявыплаце падаткаў, яго асудзілі на тры з паловай гады. Ён быў адным з шасьці палітзьняволеных, вызваленых у выніку жорсткіх санкцый ЗША і Эўразьвязу у 2008-м, аднак ужо ў 2009-м яго зноў асудзілі, гэтым разам на пяць гадоў нібыта за захоўваньні зброі. Здароўе Аўтуховіча сур’ёзна падарванае сэрыяй доўгіх галадовак пратэсту і недахопам неабходнай мэдычнай дапамогі. На думку Freedom House, на самой справе Аўтуховіч заклікаў да дэмакратычных зьменаў у Беларусі і натхняў землякоў не баяцца выказвацца супраць рэжыму Лукашэнкі.
Адным зь нямногіх яшчэ існуючых сталінскіх рэжымаў на плянэце называецца Паўночная Карэя. Паколькі ў краіне не існуе ніводнай праваабарончай арганізацыі, Freedom House уключыла ў сьпіс калектыўнага невядомага палітвязьня. Паводле прыблізных падлікаў, у краіне каля 200 тысяч людзей зьняволеныя за палітычныя погляды ў шасьці вялікіх лягерах. Паводле сьведчаньняў тых, каму ўдалося вырвацца з краіны, стаўленьне да вязьняў паўночнакарэйскага гулагу можна назваць злачынствам супраць чалавечнасьці. Сьведкі гавораць пра сыстэматычныя катаваньні, публічныя пакараньні, рабскую працу і прымусовыя аборты. Больш за тое, рэжым практыкуе абвінавачваньні ў “саўдзеле”, паводле якіх сем’і палітзьняволеных, уключаючы дзяцей, караюцца аж да трэцяга калена.
Радыё Свабода