У Лондане пікетавалі амбасаду Беларусі, у Варшаве ўзнялі беларускія сцягі

27/03/2009

Святочныя акцыі, прысвечаныя 91-ай гадавіне абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, прайшлі ўчора ў Польшчы і Вялікабрытаніі, паведамляе сайт Хартыi`97.

Акцыю ў цэнтры Варшавы арганізавала ініцыятыва «Вольная Беларусь». Маладыя людзі ўзнялі нацыянальныя сцягі і запусцілі ў неба дзясяткі белых і чырвоных паветраных шароў.

У Лондане прайшоў пікет каля беларускай амбасады. Моладзевыя актывісты, апранутыя ў футболкі з нацыянальнай сімволікай, прыйшлі туды з бел-чырвона-белымі сцягамі і транспарантам «Жыве Беларусь!» Яны папрасілі аб сустрэчы з беларускім амбасадарам — але той адказаў адмовай.