У Страсбургу адбыўся Другі кангрэс новай беларускай дыяспары Эўропы і Амэрыкі “Пакаленьне Адраджэньня”, на якім прысутнічалі прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці зь Беларусі.
Цягам чатырох дзён дзён ўдзельнікі кангрэсу, арганізаванага міжнароднай супольнасьцю "ТРэці шлях", абмяркоўвалі аспэкты разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі, а таксама пэрспэктывы удзелу ў праграме Усходняе Партнэрства.
У выніковым дакумэнце кангрэсу адзначана неабходнасьць для структураў Эўразьвязу “працягваць прынцыповы дыялёг з беларускімі ўладамі у адносінах да сфэры правоў чалавека і ўзятых на сябе міжнародных абавязкаў” і ёсьць заклік да ўрадаў краінаў Эўразьвязу “настойліва стымуляваць беларускія ўлады да выкананьня наступных захадаў у сфэры абароны правоў чалавека, мэдыяў і грамадзянскай супольнасьці”. Сярод патрабаваньняў, якія, на думку ўдзельнікаў, павінны быць вылучаныя афіцыйнаму Менску — “вызваленьне палітычных вязьняў і поўная амністыя па палітычных справах, распачатых ад 1994 з мажлівасьцямі і гарантыямі бясьпечнага вяртаньня беларусаў з выгнаньня”, “правядзеньне незалежнага расследваньня па справах гвалтоўна зьніклых Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатолія Красоўскага, Зьмітра Завадскага”, “скасаваньне шэрагу палітычных артыкулаў у карным кодэксе РБ, якія парушаюць нормы міжнароднага права (“дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі“, “паклёп у адносінах да прэзыдэнта РБ“ і іншыя).
Сярод прапановаў, якія выказалі ўдзельнікі кангрэсу — спрашчэньне візавага рэжыму для грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, а менавіта — памяншэньне кошту шэнгенскай візы, спрашчэньне працэдуры аплікацыі на візу, мажлівасьць аплікацыі поштай альбо праз даверных асобаў.
Удзельнікі кангрэсу сустрэліся з ўдзельнікамі Канфэрэнцыі міжнародных няўрадавых арганізацыяў Рады Эўропы і дэпутатамі ПАРЭ. Як падкрэсьліў адмысловы дакладчык ПАРЭ ў справах Беларусі Хрыстас Пургурыдэс, Эўропа будзе і надалей падтрымліваць дэмакратычных актывістаў у Беларусі. Адбылася цырымонія ўганараваньня “Ордэнам Свабоды” лепшых моладзевых актывістаў — сёлета імі былі Андрэй Кім і Іван Шыла. Як вядома, Іван Шыла цяпер у войску, а Андрэй Кім, акрамя ордэну, атрымаў у падарунак карціну мастачкі Валерыі Красоўскай, выстава якой адбылася ў Эўрапэйскім моладзевым цэнтры. Там жа прыйшла і выстава фотамастакоў “Маладое прэс-фота Беларусі”.
На прапанову былога палітвязьня Андрэя Кіма ўдзельнікі прынялі рэзалюцыю ў справе арыштаваных ваўкавыскіх прадпрымальнікаў і грамадзкіх актывістаў – Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава, Уладзіміра Асіпенкі. Былі падтрыманыя “справядлівыя патрабаваньні Мікалая Аўтуховіча, высунутыя ім пры абвяшчэньні галадоўкі, а менавіта: завяршыць у кароткі тэрмін расследаваньне і перадаць справу ў суд альбо — зьмяніць меру стрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе ці хатні арышт.
Удзельнік канфэрэнцыі Максім Грушавы прапанаваў выказацца адносна будаўніцтва АЭС у Беларусі. Нягледзячы на тое, што стаўленьне да ядзернай энэргетыкі ў удзельнікаў канфэрэнцыі было розным, у выніку дыскусіяў была прынятая рэзалюцыя, у якой выказваецца пратэст “ супраць рашэньня аб будаўніцтве АЭС у Беларусі, прынятага без усялякага грамадзкага абмеркаваньня мэтазгоднасьці такога будаўніцтва, непразрыстасьці дзейнасьці ўладаў у гэтым накірунку. Мы асуджаем рэпрэсіі ўладаў супраць тых актывістаў (напрыклад, у Горадні, на Астравеччыне і іншых месцах), якія імкнуцца данесьці да насельніцтва рознабаковую інфармацыю і альтэрнатыўныя погляды на пэрспэктывы атамнай энэргетыкі ў Беларусі. Мы ўпэўненыя, што такім чынам ўлады пазбеглі сапраўднага ўдзелу грамадзкасьці ў працэсе абмеркаваньня і прыняцьця адпаведнага рашэньня, што парушае прынцыпы Орхускай Канвенцыі 1998 г. Mы заклікаем беларускія ўлады не ствараць штучныя бар’еры, якія перашкаджаюць замежным дабрачынным арганізацыям, мясцовым грамадзкім аб’яднаньням у іх працы па пераадоленьні наступстваў чарнобыльскай катастрофы. Мы лічым недапушчальнымі дзеючыя абмежаваньні паставак мэдычнага абсталяваньня і лекаў з-за мяжы для ўстановаў у пацярпелых рэгіёнах. Гэтаксама мы выступаем супраць увядзеньня абмежаваньняў на выезд дзяцей па-за межы краіны з мэтай аздараўленьня” — гаворыцца ў рэзалюцыі
Радыё Свабода
Фота: ciwr.org