Кіеўляне патрабуюць ад беларускіх уладаў спыніць перасьлед палітвязьня Мікалая Аўтуховіча, які праводзіць галадоўку у турме.
Чыньнікам акцыі паслужылі 14-я ўгодкі сумна вядомага рэферэндуму 1995 году, калі была зьмененая дзяржаўная сымболіка Беларусі з нацыянальнай на нэасавецкую, піша сайт mfront.net.
«Пасля зьмены сымболікі пачалося паступовае вяртаньне іншых савецкіх парадкаў — цэнзура ў СМІ, ціск на апазыцыю, перасьлед індывідуальных прадпрымальнікаў і рэлігійныя ганеньні на «неафіцыйныя» цэрквы», — заявіў у сваім выступе пастар Яраслаў Лукасік, грамадзянін Польшчы, дэпартаваны з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у 2007 годзе.
Удзельнікі пікету запатрабавалі ад беларускіх уладаў вярнуць нацыянальныя сымбалі і адмовіцца ад саветызацыі грамадзтва, а таксама спыніць палітыку паступовай ліквідацыі беларускай незалежнасьці і пакончыць з палітычнымі перасьледамі датычна апазыцыйных дзеячаў і рухаў, у прыватнасьці, супраць прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча.
Пастар Яраслаў Лукасік распавёў пікетоўцам аб той сытуацыі, якая склалася вакол палітвязьня Аўтуховіча, аб ягоным нематываваным і незаконным утрыманьні за кратамі, аб абвешчанай ім галадоўцы і падтрымцы з боку актывістаў грамадзкай арганізацыі «Малады Фронт», якія таксама выказалі свой пратэст уладзе адмовай ад ежы.
Пасля аповяду грамадзкасьці аб становішчы спраў у Беларусі, адзін з арганізатараў мерапрыемства Мікалай Малуха паспрабаваў перадаць прадстаўнікам амбасады зварот да ўладаў. Супрацоўнікі дыпляматычнай установы, спаслаўшыся на прыём дакумэнтацыі толькі праз пошту, адмовіліся выйсьці і перапынілі гутарку. У выніку арганізатары перадалі пэтыцыю празь міліцыянтаў, якія ахоўваюць амбасаду.
Актывісты зьбіраюцца зноў прыйсці пад сьцены амбасады ў выпадку ігнараваньня іхнімі патрабаваньняў беларускімі ўладамі.
Прэс-служба МФ