Куды падзеліся эскадроны сьмерці?

21/09/2009

У канцы 1990-х гадоў у Беларусі адбылося некалькі гучных злачынстваў супроць вядомых палітыкаў, пасьля якіх у грамадзтве загаварылі пра існаваньне “эскадронаў сьмерці” — адмысловых атрадаў, нацэленых на зьнішчэньне апанэнтаў улады. Ці сапраўды былі ў Беларусі “эскадроны сьмерці” , а калі так, то куды яны падзеліся?

У траўні 2000-га году, калі сьледчыя ўжо шукалі выкрадальнікаў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, у Менску адбылося дзіўнае здарэньне з кіраўніком кантрольна-рэвізійнай управы Міністэрства культуры Аляксандрам Грачовым. Сярод белага дня чыноўніка затрымалі супрацоўнікі спэцслужбаў у цывільным, надзелі яму на галаву плястыкавы пакунак, вывезьлі ў лес і некалькі гадзінаў білі:

“У мяне выведвалі, з кім я разам правяраў Дзяржцырк і што нам яшчэ вядома пра гэтую справу. Яны ўжо пачалі ўсур’ёз абмяркоўваць, што са мной рабіць, ці не забіць, але знайшлі ў мяне ў кішэні пасьведчаньне вэтэрана Аўганістану, і гэта іх стрымала”, — згадваў у мэдыях адразу пасьля вызваленьня Аляксандар Грачоў.

Дарэчы, тая праверка супала з арыштам дырэктаркі цырку Тацяны Бандарчук, якую западозрылі ў атрыманьні хабару і пратрымалі ў камэры менскага СІЗА цэлы месяц. Заўважым: спадарыня Бандарчук цяпер ізноў на ранейшай пасадзе.

А вось кантралёра Аляксандр Грачова пасьля інцыдэнту звольнілі. Ён, аднак, не пабаяўся і напісаў заяву ў пракуратуру, ды яшчэ і апазнаў двух чалавек, якія яго зьбівалі. Адным зь іх аказаўся Валер Ігнатовіч — былы баец спэцпадразьдзяленьня “Алмаз”, пазьней асуджаны на пажыцьцёвае зьняволеньне за выкраданьне Зьмітра Завадзкага. Таксама Грачоў пазнаў голас чалавека, які камандаваў захопнікамі — той працаваў у Савеце бясьпекі пад кіраўніцтвам Віктара Шэймана. У выніку Грачоў стаўся адзіным у Беларусі чалавекам, які засьведчыў дзейнасьць адмысловых камандаў, што на загад пэўных колаў ва ўладзе выконвалі выкраданьні людзей і нават забойствы. Раней чуткі прыпісвалі гэтым “эскадронам” зьнікненьні крымінальных аўтарытэтаў Шчаўліка і Маманцёнка, потым лідэраў апазыцыі Захаранкі, Ганчара і Красоўскага, і вось зараз чарга дайшла да сярэдняга чыноўніка, які проста сумленна выконваў свае абавязкі.

У канцы 2000 году быў арыштаваны камандзір СОБРу Зьміцер Паўлічэнка, якога сьледчыя западозрылі ў кіраўніцтве “эскадронам сьмерці”. Вось што паведаміў пра тыя падзеі былы сьледчы пракуратуры Зьміцер Петрушкевіч — ён у 2001 годзе ўцёк зь Беларусі і сустракаўся з прэсай ужо за мяжой:

“Пасьля затрыманьня Ігнатовіча паступіла таксама інфармацыя, якая пацьверджаная матэрыяламі справы, што ў выкраданьні Грачова браў удзел камандзір СОБРу Паўлічэнка. Грачоў апазнаў Паўлічэнку як чалавека, які браў удзел у ягоным выкраданьні. На затрыманьне Паўлічэнкі як магчымага ўдзельніка злачыннай групы была атрымана згода кіраўніцтва пракуратуры Беларусі”.

Пытаньне: “А хто даваў загад арыштаваць Паўлічэнку?”

Адказ: “Пастанова аб арышце вынесеная ад імя супрацоўнікаў КДБ. А санкцыю паставіў намесьнік генэральнага пракурора Сьнягір.”

Нагадаю, што намесьнікам генэральнага пракурора тады працаваў Міхаіл Сьнягір, якога потым перавялі кіраваць пракуратурай Менскай вобласьці. У канцы 2008 году Міхаіл Сьнягір быў арыштаваны паводле абвінавачаньня ў хабарніцтве і службовых злоўжываньнях. Зараз яго судзяць за зачыненымі дзьвярыма ў Вярхоўным судзе. Чалавеку, які ставіў подпіс пад ордэрам на арышт Зьмітра Паўлічэнкі, пагражае да 15 гадоў калёніі.

У 2000-м годзе “Эскадроны сьмерці” знайсьці не ўдалося. Зьміцер Паўлічэнка прабыў пад арыштам толькі адзін дзень і быў вызвалены асабістым загадам Аляксандра Лукашэнкі. Журналісты Павал Шарамет і Сьвятлана Калінкіна ў сваёй кнізе “Выпадковы прэзыдэнт” пішуць пра нараду, на якой вырашаўся лёс сьледзтва:

“Калі стала зразумела, што сьледзтва шчыльна падышло да некаторых супрацоўнікаў Савета бясьпекі, Лукашэнка сабраў у сябе кіраўнікоў сьледчых органаў і, папракаючы іх, сказаў фразу ў бок Бажэлкі (тагачаснага генэральнага пракурора): “Ты ўжо давёў мяне да зьнямогі! Я начамі ня сплю, п’ю жменямі таблеткі. Капаеш, капаеш, капаеш…Табе чаго трэба? Каб труны Захаранкі і Ганчара па Менску насілі? Навошта табе гэта трэба? Ты шукай Дзіму Завадзкага, а ты ўсё пад мяне капаеш…”

Неўзабаве генэральнага пракурора Алега Бажэлку, пры якім было шмат зроблена, каб знайсьці вінаватых у зьнікненьнях , адправілі ў адстаўку, а ягонае месца заняў Віктар Шэйман. Той самы Віктар Шэйман, якога сьледчыя лічылі датычным да злачынстваў і дамагаліся ордэру на ягоны арышт. Павал Шарамет мяркуе, што рана ці позна праўда пра “эскадроны сьмерці” ўсё роўна стане вядомая:

“Эскадроны сьмерці” — безумоўна, гэта шмат у чым мастацкі выраз. Я не выключаю, што “эскадроны сьмерці” — гэта атрад “Алмаз”. Невыпадкова пракуратура праводзіла расьсьледаваньне і ператрусы ў атрадзе “Алмаз”. Гэтаксама я не выключаю, што “эскадроны сьмерці” — гэта СОБР, якім камандаваў Паўлічэнка. Або гэтаксама да іх можна аднесьці сілавое падразьдзяленьне Савету бясьпекі, якім кіраваў Віктар Шэйман, ці асобныя аддзелы МУС. У пэўны момант некаторыя падразьдзяленьні КДБ можна было б ахарактарызаваць як “эскадроны сьмерці”. Заўважу, што галоўныя фігуранты гэтых спраў аб зьніклых — гэта Шэйман, Паўлічэнка, Сівакоў — яны займалі розныя пасады ў шмат якіх структурах. Плюс я ўжо не кажу пра Службу бясьпекі прэзыдэнта, у якой таксама было шмат скандалаў. Адзін супрацоўнік забіў свайго бацьку, другі зьбіў шмат людзей, былі выпадкі, калі супрацоўнікі гэтай структуры выкрадалі і зьбівалі журналістаў. Такім чынам, можна казаць пра банду, у якой дзейнічаюць супрацоўнікі розных структур. А праз коску, адпаведна, і пра “эскадроны сьмерці”.

Сярод дакумэнтаў, на якія абапіралася сьледзтва ў справе Захаранкі, Ганчара і Красоўскага, былі рапарты міліцыянтаў Алега Алкаева, тагачаснага начальніка менскага СІЗА, і Мікалая Лапаціка, кіраўніка сьледчай управы МУС.

Палкоўнік Алег Алкаеў, які пасьля вызваленьня Паўлічэнкі і прызначэньня ў пракуратуру Шэймана звольніўся зь міліцыі і пасьпеў зьехаць у Нямеччыну, неаднаразова казаў: справы зьніклых “можна будзе расьсьледаваць за кароткі час, толькі дзеля гэтага патрэбная палітычная воля”.

А вось паводле генэрал-маёра міліцыі ў адстаўцы Мікалая Лапаціка справы ўжо расьсьледаваныя, але да пэўнага часу яны будуць ляжаць у сэйфах. Згадвае журналістка Марына Коктыш, якая размаўляла з генэралам:

“Я ў яго пацікавілася, сказала, што не магу не задаць пытаньне наконт спраў пра гучныя зьнікненьні: “Скажыце, на ваш погляд, яны раскрытыя ці не?” Ён адказаў: “Канечне, канечне, яны раскрытыя”.

Былы камандзір СОБРу Зьміцер Паўлічэнка сёлета ў сакавіку звольніўся зь міліцыі. Зьвестак пра тое, дзе зараз працуе палкоўнік Паўлічэнка, якога называлі “камандзірам беларускага эскадрону сьмерці”, няма.

Былы генэральны пракурор і былы Дзяржсакратар Савету бясьпекі Віктар Шэйман працуе дарадцам Аляксандра Лукашэнкі і кіраўніком беларуска-вэнэсуэльскай камісіі па супрацоўніцтве. Летась Віктара Шэймана можна было пабачыць па дзяржаўным тэлебачаньні — ён распавядаў пра супрацоўніцтва з Вэнэсуэлай у нафтавай галіне. Між тым у замежных мэдыях шмат пішуць пра пастаўкі беларускай зброі ў Вэнэсуэлу і празь яе — калюмбійскім паўстанцам, і ў сувязі з гэтымі пастаўкамі згадваюць імя Віктара Шэймана.

Юрый Сівакоў пасьля адстаўкі з пасады міністра ўнутраных спраў працаваў намесьнікам кіраўніка адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі, а потым быў прызначаны прарэктарам Менскага інстытуту кіраваньня.