Затрыманыя ўвечары 16 верасня актывісты дэмакратычных сіл Гомельскай вобласці пачалі накіроўваць скаргі на дзеянні сілавых структур у пракуратуру.
Першым да пракурора Чыгуначнага раёна Гомеля са скаргай «на неправамоцныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі» звярнуўся першы сакратар Жлобінскага райкама Партыі камуністаў Беларускай Валер Рыбчанка.
«16 верасня 2009 г. каля 16 гадзін 40 хв. я рухаўся па ходніку вул. Палескай г.Гомеля ў бок вул.Кірава ля паштовага аддзяленя. У гэты час з аўтобуса, які перагарадзіў ходнік, выскачылі маладыя, коратка стрыжаныя хлапцы моцнага целаскладу, кінуліся да мяне і іншых мінакоў, якія ішлі недалёка ад мяне, — гаворыцца ў скарзе Валера Рыбчанкі. — Яны пачалі хапаць людзей за рукі, вопратку і цягнуць у аўтобус. Пры гэтым хто яны, хлапцы не назвалі. Я палічыў іх за нейкую арганізаваную нефармальную моладзевую групоўку накшталт скінхэдаў ці фашыстаў. Думаю, такое меркаванне склалася і ў іншых мінакоў, на якіх яны накінуліся. Калі мяне гвалтам зацягнулі ў аўтобус, то ў салоне я пабачыў іншых грамадзян і дваіх супрацоўнікаў АМАП. Я, як і астатнія грамадзяне, спрабаваў высветліць у амапаўцаў прычыну нашага затрымання. На нашае пытанне адказаў адзін з малодчыкаў, які затрымліваў людзей, што ён маёр міліцыі Алейнік Сяргей Міхайлавіч і затрыманыя мы за ўдзел у масавым шэсці. Усяго ў аўтобусе знаходзілася каля 30 чалавек. Аўтобус прыбыў да Чыгуначнага аддзела міліцыі г.Гомеля, дзе маёр даў каманду усім выгружацца. Па яго камандзе першымі з аўтобуса выскачылі малодчыкі і, пашыхтаваўшыся ў дзве шэрэнгі ад аўтобуса да будынка РАУС, арганізавалі калідор, праз які з вокрыкамі, як фашысты, пагналі затрыманых. Усіх загналі ў актавую залу і перакрылі выхады.
У актавай залі я налічыў 14 затрыманх. Маёр Алейнік заявіў, што ўсе мы абвінавачваемся ў здзяйсненні масавага шэсця, і што ў дачыненні да нас праводзіліся аператыўныя мерапрыемствы, праводзілася здымка. Я падумаў, як жа гэтыя 14 чалавек здолелі зладзіць масавае шэсце, калі па вуліцы яны ішлі як звычайныя пешаходы, на рознай адлегласці адзін ад аднаго. У такіх выпадках у раёне рынку і вакзала можна затрымліваць людзей тысячамі. Як мне вядома, ніводная норма дзеючага ў рэспубліцы заканадаўства не ўтрымлівае адказнасці за масавае перамяшчэнне людзей па вуліцы (людзі масава ідуць на працу, вучобу і г.д.).
У РАУС мяне пратрымалі больш за 3 гадзіны, аб чым я зрабіў запіс у кнізе заўваг, на мяне складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні.
У складзеным на мяне пратаколе пазначана, што я ў складзе групы рухаўся па пешаходнай дарожцы г.Гомеля, сваімі дзеяннямі парушыў усталяваны парадак правядзення масавых мерапрыемстваў, то бок здзейсніў правапарушэнне, прадугледжанае ч 1 арт.23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь.
Пратакол быў складзены на падставе рапарта супрацоўніка міліцыі Бондара Васіля Мікалаевіча. Сапраўды ж мяне затрымліваў іншы супрацоўнік, знешасць якога я памятаю, яго прозвішча Алейнік. У дадзеным выпадку рапарт супрацоўніка міліцыі, які не мог бачыць мяне і мае дзеянні да моманту затрымання, і сам пратакол, лічу сфальсіфікаваным, а ў дзеяннях асобаў, якія іх склалі, углядаю службовы падлог.
Арт. 30 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь дае мне права свабодна перамяшчацца ў межах Рэспублікі Беларусь (як па вуліцах, так і па населеных пунктах). Згодна з арт. 25 Канстытуцыі дзяржава абавязуецца забяспечыць мне свабоду, недатыкальнасць і асабістую годнасць. У дадзеным выпадку, так як ні ў якіх масавых мерапрыемствах (вулічных шэсцях) я не ўдзельнічаў, мае канстытуцыйныя правы парушаны.
Маё права на свабоду і асабістую недатыкальнасць гарантавана і арт. 9 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, які з’яўляецца абавязковым для Рэспублікі Беларусь. У дадзеным выпадку дзяржавай, у асобе пазначаных супрацоўнікаў міліцыі, парушаны яе міжнародныя абавязацельствы».
На падставе выкладзенага Валер Рыбчанка просіць прыняць належныя меры пракуроскага рэагавання на дапушчныя супрацоўнікамі міліцыі факты парушэнна законнасці, растлумачыць з якой нагоды праводзіліся аператыўныя мерапрыемствы, аднавіць парушаныя правы і прыцягнуць вінаватых да прадугледжанай законам адказнасці.
Хартыя`97