Супраць Юрыя Лявонава спыненая крымінальная справа

25/09/2009

У турме працягваюць знаходзіцца яшчэ трое палітвязняў — Мікалай Аўтуховіч, Уладзімір Асіпенка і Арцём Дубскі.

24 верасьня ваўкавыскі прадпрымальнік Юры Лявонаў атрымаў пастанову аб спыненні ў дачыненні да яго крымінальнай справы па артыкуле 218 частка 2 (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці), узбуджанай нібыта за падпал хатаў супрацоўнікаў дзяржструктураў.

Як паведаміў Юры Лявонаў у інтэрв’ю сайту www.charter97.org, у пастанове таксама паведамляецца, што ў дачыненні да яго ўзбуджаная новая крымінальная справа — па артыкуле 406 частка 2 КК нібыта за тое, што «маючы рэальную магчымасць прадухіліць злачынства, грамадзянін Лявонаў не данёс адпаведным органам і службовым асобам пра цяжкое і асабліва цяжкое злачынствы, якія рыхтуюцца». Але паколькі гэтае «злачынства» Лявонава не з’яўляецца грамадска небяспечным і тэрмін даўнасці прыцягнення да адказнасці па гэтым артыкуле — два гады, крымінальны пераслед прадпрымальніка па артыкуле 406 частка 2 у сувязі з заканчэннем тэрміна даўнасці таксама спынены.

Пастанову падпісаў кіраўнік следчай групы па справе Мікалая Аўтуховіча, Уладзіміра Асіпенкі і Юрыя Лявонава, начальнік упраўлення па расследаванні асабліва цяжкіх злачынстваў мінулых гадоў Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю Міністэрства ўнутраных справаў РБ Віктар Клачко.

«Такім чынам уладам прыйшлося прызнаць, што крымінальная справа, узбуджаная супраць мяне, цалкам развалілася, усе абвінавачванні былі беспадстаўныя. І вось так элегантна, з узбуджэннем і адразу ж спыненнем новай крымінальнай справы яны вырашылі выйсці з сітуацыі. Але толькі пайсці да канца і прызнаць усю беспадстаўнасць абвінавачванняў, прад’яўленых Аўтуховічу і Асіпенку, яны пакуль не могуць і невінаватых людзей працягваюць трымаць у турме. Ім прад’яўленыя такія ж абсурдныя абвінавачванні, як і мне раней. Адкрыты суд паказаў бы ўсю ступень невінаватасці Аўтуховіча і Асіпенкі», — заявіў Юры Лявонаў у інтэрв’ю сайту www.charter97.org.

Нагадаем, што 8 лютага ў Ваўкавыску былі затрыманыя Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка. 18 лютага ваўкавыскім прадпрымальнікам было прад’яўленае абвінавачванне па арт. 218 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці). 23 чэрвеня ў дачыненні да Аўтуховіча і, як паведаміла МУС, «іншых асобаў» узбуджаная справа па арт. 359 КК (тэрарыстычны акт) у выглядзе падрыхтоўкі (арт. 13).

Праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі зняволенымі, звяртаючы ўвагу на тое, што Аўтуховіч і Лявонаў раней ужо былі асуджаныя і прызнаныя міжнароднай супольнасцю вязнямі сумлення.

Ваўкавыскага прадпрымальніка Юрыя Лявонава вызвалілі з менскага следчага ізалятара 8 жніўня. У дачыненні да яго спыненыя следчыя дзеянні. Як чакаецца, судовы працэс па справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў можа распачацца ў лістападзе.

Актывіст «Маладога фронту» Арцём Дубскі 7 ліпеня 2009 года быў прысуджаны да года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за парушэнне правілаў адбыцця пакарання па «справе 14-ці».