У Дзень салідарнасьці ў Брусэлі актывісты “Беларускага Эўрапейскага задзіночаньня” ладзяць пікет ля будынку, дзе адбываецца паседжаньне Рады Эўразьвязу. Сярод пытаньняў, якія абмяркуюць міністры замежных спраў усіх 27 краін Эўразьвязу, будзе і праблема санкцыяў супраць беларускага кіраўніцтва.
Як расказаў “Свабодзе” старшыня “Беларускага Эўрапейскага задзіночаньня” Зьміцер Піменаў, “Гэта інфармацыйны пікет, падчас якога мы распаўсюджваем заяву партыі КХП БНФ і таксама свой пункт гледжаньня, у якім выказваемся, што палітыкі Эўропы мусяць разгледзіць пытаньне аб тым, што беларусы ня маюць магчымасьці падаваць скаргі ў Страсбурскі суд па правах чалавека. Гэта адно з нашых патрабаваньняў.
Па-другое, мы зьвяртаем ўвагу на тое, што тыя грошы, якія выдаткоўвае Эўразьвяз для беларускага народу, на нашу думку, ідуць на пераўзбраеньне антыэўрапейскага ваеннага блёку. Мы ня бачым, што грошы, атрыманыя ад МВФ, дайшлі да людзей, і зробяць карысьць для Беларусі. Вельмі сумна, што гэтыя грошы пойдуць на новыя ракеты, танкі і зэнітныя комплексы, якія будуць накіраваныя супраць гарадоў Польшчы і краінаў Балтыі. Мы распаўсюдзілі больш за 600 ўлётак. Вельмі прыемна, што падыходзяць палітыкі, цікавяцца. Прадстаўнікі Латвіі, Літвы і Эстоніі выказваюць нам словы салідарнасьці…”
Радыё Свабода