Палітвязню Арцёму Дубскаму адмовілі ва ўмоўна-датэрміновым вызваленні

25/11/2009

У аўторак адвакатка Тамара Сідарэнка наведала сваго падабароннага — палітвязьня Арцёма Дубскага, які зь ліпеня 2009 году знаходзіцца ў магілёўскай калёніі (ПК №19).

Па словах адвакаткі Арцём Дубскі выглядае вельмі схуднелым, за час знаходжаньня ў калёіі ён страціў 8 кілаграм вагі. Акрамя таго, як высьвятлілася, Арцём Дубскі галадаваў 3 дні на знак пратэсту супраць дзеяньняў адмністрацыі, якая забараняла перадаваць палітвязьню кнігі.

"Пасьля таго, як некаторыя кнігі ўсёткі дазволілі перадаць, Дубскі галадоўку спыніў. Але яго працягваюць незаконна абмяжоўвываць у шэрагу правоў: напрыклад, яму забаранілі набываць цыгарэты ў турэмнай краме, хаця ён ня мае ніякіх спагнаньняў з боку адміністрацыі калёніі й ня лічыцца парушальнікам рэжыму", — апавяла кіраўніца юрыдычнага адзьдзелу МФ Наста Лойка, якая наведала Магілёў разам з Тамараю Сідарэнка.

Арцём Дубскі ўтрымоўвываецца ў найлепшай частцы калёніі, аднак, як адзначыў сам палітвязень, псыхалягічная сытуацыя вельмі цяжкая: побач шмат "стукачоў", якія адсочваюць літаральна кожны ягоны крок і перадаюць усё адміністрацыі калёніі.

Зараз ужо дакладна вядома, што Арцёму Дубскаму адмовілі ва ўмоўна-датэрміновым вызваленьні: адмысловая камісія, што была склікана ў калёніі, палічыла недапушчальным прызначаць умоўна-датэрміновае вызваленьне рэцыдывісту, якім лічыцца маладафронтавец Арцём Дубскі.