Затрыманых у Дзень салідарнасьці моладзевых актывістаў чакае суд

17/01/2008

16 студзеня ў Менску, у Дзень беларускае салідарнасьці, былі затрыманыя сябры Маладога Фронту: Уладзімер Сяргееў, Кацярына Галіцкая, Кацярына Краснова й Людміла Атакулава. Усе затрыманыя пасьля складаньня незаконных адміністратыўных пратаколаў былі адвезеныя ў спецпрыймальнік-разьмеркавальнік на вуліцы Акрэсьціна.

Дзяўчыны Кацярына Галіцкая, Кацярына Краснова й Людміла Атакулава былі затрыманыя прыкладана ў 18-ць гадзінаў на катку, што знаходзіцца каля Палаца спорту на Нямізе. Там павінна была адбыцца акцыя Салідарнасьці з палітвязьнем Артурам Фінькевічам. Маладафронтаўцы плянавалі пакатацца на катку ў майках зь лёзунгам «Свабоду Артуру Фінькевічу!», аднак перад самым пачаткам мерапрыемствам нечакана зьявіліся супрацоўнікі міліцыі, байцы спэцназу й прадстаўнікі беларускіх спэцслужбаў у цывільным. У той момант, калі дзяўчаты ўжо практычна абулі канькі, да іх падыйшлі супрацоўнікі міліцыі. Пасьля гэтага дзяўчат пасадзілі ў аўтазак, а потым адвезьлі ў Цэнтральны РУУС сталіцы, у якім ужо знадзіўся прывезены туды ў 17-ць гадзінаў актывіст Маладога Фронту Уладзімер Сяргееў.

Хлопца затрымалі супрацоўнікі міліцыі каля менскага Трактарнага заводу, дзе працуе маладафронтавец, патлумачыўшы, што ім «вельмі неабходна зь ім пагутарыць», яны адвезьлі Ўладзімера ў РУУС Цэнтральнага раёну Менску. Пазьней на актывіста моладзевага нацыянальнага руху быў складзены пратакол аб адміністратыўным правапарушэньні за ўдзел у несанкцыянаваным уладамі шэсьці прадпрымальнікаў 10 студзеня. Маладафронтавак Кацярыну Галіцкую, Кацярыну Краснову, а таксама Людмілу Атакулаву міліцыянты абвінавацілі ў «арганізацыі несанкцыянаванага пікету».

Акрамя дзяўчат, у Цэнтральны РАЎС адвезьлі актывістаў грамадзянскай кампаніі «Джынс — за свабоду!», якія таксама ўдзельнічалі ў акцыі. Гэта: Максім Вянярскі, Павал Кур’яновіч і Вольга Кулякевіч.

Дададзім, што зранку былі затрыманыя актывісты Моладзі БНФ:Франак Вячорка, Антон Каліноўскі і Алесь Станкевіч. Яны прыйшлі ў суд Цэнтральнага раёну Менску, каб падтрымаць сваю сяброўку Юлію Сіўцову. Міліцыянты спачатку адабралі пашпарты маладзёнаў, якія там прысутнічалі, а потым трох чалавек пасадзілі ў машыну і адвезьлі ў міліцыю.

Такім чынам за сёньняшні дзень было затрымана 10 дэмакратычных актывістаў, Юлію Сіўцову асудзілі на 15 сутак арышту, лідэру магілёўскіх прадпрымальнікаў Валадару Цурпанаву прысудзілі 10 сутак зьняволеньня.

Суды над затрыманы пачнуцца а 10-ай гадзіне 17 студзеня ў судзе Цэнтральнага раёну г.Менску. Праявіце салідарнасьць! Падтрымайце моладзевых актывістаў!