Аляксандр Здзвіжкоў на свабодзе

24/02/2008

Еўрарадыё пагаварыла з журналістам Аляксандрам Здзвіжковым праз некалькі гадзінаў пасля яго вызвалення.

Вось што ён распавёў пра абставіны свайго сённяшняга выхаду на волю ды трохмесячнае знаходжанне ў следчых ізалятарах КДБ і МУС:

— Працэдура майго вызвалення пачалася з 13.05. З рэчамі вывелі з камеры. Я не ведаў, куды мяне павядуць: ці ў іншую камеру, ці вернуць у рэспубліканскую бальніцу для працягу курсу лячэння, ці эстранна пасля пасяджэння Вярхоўнага суда адпраўляюць па этапе на зону… Здаў матрас і казённыя рэчы. Аформілі мне асабістую справу і пасля тайна ў закрытай «газелі» вывезлі на вакзал. Як я мяркую, каб не дапусціць урачыстай сустрэчы.

— Як вы даведаліся пра вынік паседжання Вярхоўнага суда?

— Дзесьці тры тыдні таму мне ўручылі паперу, на якой я распісаўся, што 22 чысла мая касацыйная скарга будзе разгледжана Вярхоўным судом, здаецца, у 10 гадзін. Таму я чакаў. Але адваката да мяне не пускалі і сустрэчаў таксама не было.

— Вы верылі, што сёння выйдзеце на волю?

— Ведаеце, гэта самы стары турэмны прынцып: чакай горшага, але спадзявайся на лепшае. Таму, калі мяне сёння вывелі, я чакаў чаго заўгодна. І, натуральна, спадзяваўся на вызваленне.

— Як да вас адносіліся ў ізалятары?

— У поўнай адпаведнасці з дзеючымі ўнутранымі інструкцыямі і крымінальна-працэсуальным кодэксам. А ўмовы ўтрымання былі такія самыя, як і ва ўсіх.

— На працягу гэтых трох месяцаў яны не мяняліся?

— Цяжка сказаць, дзе было горш: у СІЗА КДБ ці ў СІЗА МУС. Паўсюдна былі свае плюсы і свае недахопы. Прыкладам, у СІЗА КДБ было холадна і мокра. Тэмпература не падымалася вышэй за 16 градусаў цяпла. Па сценах цякла вада. На столі — цвіль, раніцай збіралі ваду анучай… У СІЗА МУС было цяплей, паколькі ў камеры, разлічанай на 20 чалавек, знаходзілася 30. Там я і адагрэўся…

— Гэта праўда, што ў вас праблемы са зрокам?

— За кратамі я страціў вастрыню зроку на 30%. І прыблізна на палову страціў вастрыню слыху. Таму што ў СІЗА КДБ я перахварэў на вельмі цяжкі грып і мне не аказвалася, практычна, ніякай медычнай дапамогі. Антыбіётыкаў не давалі, давалі кроплі ад насмарку. Лячыць мяне пачалі толькі ў рэспубліканскай бальніцы МУС.

— Аляксандр, чым думаеце цяпер займацца?

— Працягну літаратурную працу. Я ўжо дзве кнігі напісаў. А цяпер скарыстаюся турэмнымі ўражаннямі. Буду пісаць далей.

Нагадаем, у студзені Аляксандр Здзвіжкоў быў асуджаны на тры гады зняволення за «распальванне рэлігійнай варожасці» (ён падпісаў у друк нумар «Згоды» з карыкатурай на прарока Мухамеда), але сёння Вярхоўны суд скараціў тэрмін пакарання да трох месяцаў. Гэты тэрмін Здзвіжкоў ужо адбыў за кратамі.