Ці магчымыя саступкі ўладаў у пытаньні вызваленьня Аляксандра Казуліна? Хоць бы на час пахаваньня ягонай жонкі Ірыны? Сытуацыю камэнтуе Сьвятлана Завадзкая, жонка журналіста Зьмітра Завадзкага, які зьнік восем гадоў таму.
Другі дзень доўжыцца галадоўка Аляксандра Казуліна, які патрабуе, каб яго адпусьцілі на пахаваньне памерлай 23-га лютага жонкі Ірыны. Сёньня да галадоўкі далучыліся дочкі палітыка Вольга і Юлія, а таксама ягоныя сябры па партыі. Зьвяртаюся да Сьвятланы Завадзкай з пытаньнем: ці ёсьць верагоднасьць, што ўлада задаволіць просьбу Казуліна?
«Мяне не зьдзіўляе, што ўлады так робяць. Яны даўно проста топчуцца па нас. Вельмі хочацца, каб гэты зьдзек калі-небудзь скончыўся. Каб гэта было апошняй кропкай таго, што ўлады рабілі над ўсімі — над маёй сям’ёй, над сем’ямі іншых зьніклых, а зараз над сем’ямі палітвязьняў. Сумна і цяжка ў такія моманты».
Карэспандэнт: «Ва ўладзе ўсё ж не ўсе людзі аднолькава думаюць. Няўжо там няма людзей, якія здольны на іншыя рашэньні? Няўжо няма магчымасьці для перамогі хрысьціянскім пачуцьцям?»
«Ведаеце, я сама прайшла такі шлях стасункаў з нашымі ўладамі і ведаю: у іх не варухнецца сэрца, каб зрабіць іншы крок. Не кажу, што яны такія жорсткія …Проста ўлада паставіла іх ў такія ўмовы, што нешта ад сябе яны не зробяць. Можа хто зь іх і спачувае, я веру ў гэта, але яны нічога не зробяць самі».
Карэспандэнт: «А тых, якія спачуваюць, вы сустракалі?»
«Так. Але яны кажуць пра свае спачуваньні шэптам, каб пра гэта ніхто не даведаўся. Таму мяркую, што ў сытуацыі з сям’ёй Казуліных усё будзе гэтак жа, бяз зьменаў».
Карэспандэнт: «За восем год, як зьнік ваш муж, неяк зьмяніліся людзі пры ўладзе? У які бок яны трансфармуюцца?»
«Ды ніяк яны не мяняюцца. Мне спадабаўся камэнтар у «Нашай ніве», калі Міклашэвіча памянялі на Васілевіча. Газэта напісала: «Памянялі Пецю на Рыгора, заўтра будзе усё як ўчора». На маю думку, гэта дакладна адпавядае таму, што адбываецца ў краіне».
Алег Грузьдзіловіч
Радыё Свабода