Латвія будзе адказваць за Беларусь у старшынстве Эўразьвязу

25/01/2006

Старшынства Эўрапейскага Зьвязу ў Беларусі сёлета на працягу першай паловы году будзе прадстаўляе Латвія, паведамляе «Вaltic Times» са спасылкай на латвійскае МЗС.

Латвія будзе ажыцьцяўляць каардынацыю паміж Брусэлем і Менскам, інфармаваць эўрапейскія краіны і арганізацыі пра падзеі ў Беларусі, а таксама беларускае кіраўніцтва пра актуальныя рашэньні эўрапейскіх арганізацыяў па беларускай праблематыцы.

Кандыдатура Латвіі ў якасьці прадстаўніка цяперашняга старшыні Эўразьвязу — Аўстрыі (гэтая краіна ня мае дыпляматычнай місіі ў Беларусі) ухваленая брусэльскім кіраўніцтвам. Гаворачы пра выбар ЭЗ, латвійскі міністар замежных справаў Артыс Пабрыкс адзначыў: «Гэта сьведчыць пра высокую ацэнку нацыянальнай дыпляматыі ды таксама ёсьць шанцам прадэманстраваць сябе ў міжнароднай палітыцы».

Кіраўнік латвійскага МЗС лічыць неабходным стварэньне адзінай эўрапейскай стратэгіі ў дачыненьні да Беларусі. «Калі краіны Захаду будуць праводзіць адзіную палітыку ў дачыненьні Беларусі паводле адзіных прынцыпаў, дык іхная падтрымка будзе мець большае значэньне і зробіць мацнейшае ўражаньне на беларускае грамадзтва», — сказаў Артыс Пабрыкс ў часе апошняй сустрэчы міністраў ЭЗ і ЗША.

Радыё Свабода