Кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін зьбіты камандзірам брыгады спэцназу Дзьмітрыям Паўлічэнкам

02/03/2006

Раніцай 2 сакавіка кандыдат Аляксандар Казулін разам з групай сваіх прыхільнікаў прыехаў да Палацу культуры чыгуначнікаў, дзе адбывалася рэгістрацыя дэлегатаў Трэцяга ўсебеларускага сходу ад горада Менску. Казуліна вылучаны дэлегатам на сход зьезд беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада».

У будынку палацу Аляксандар Казулін патлумачыў прадстаўніцы камісіі па рэгістрацыі дэлегатаў, што паводле закону аб рэспубліканскіх сходах ён мае права ўдзельнічаць у гэтым мерапрыемстве. Калі Аляксандар Казулін, ягоныя прыхільнікі і журналісты накіраваліся да сталоў рэгістрацыі дарогу ім перакрылі людзі ў цывільным пад кіраўніцтвам камандзіра спэцназу Міністэрства ўнутраных справаў Дзьмітрыя Паўлічэнкі.

Паўлічэнка і яшчэ некалькі чалавек павалілі Казуліна на падлогу і пачалі зьбіваць яго нагамі.

Іншыя блякавалі прыхільнікаў кандыдата і журналістаў.

У сутычцы таксама пацярпеў генэрал Валеры Фралоў. Аляксандра Казуліна схапілі і ўкінулі ў сіні мініаўтобус. Паводле зьвестак са штабу кандыдата Аляксандар Казулін цяпер знаходзіцца ва ўправе міліцыі Кастрычніцкага раёну Менска.

Давераная асоба кандыдата Алег Волчак ня можа дабіцца сустрэчы з Аляксандрам Казуліным і пераканацца, што зь ім усё ў парадку.

Аляксандар Казулін быў зьбіты служачымі падразьдзяленьня каля Палаца чыгуначнікаў, якім кіруе Зьміцер Паўлючэнка. Сябры штабу Аляксандра Казуліна непакояцца, што ў людзі з брыгады Паўлючэнкі могуць зьбіваць яго ў дзяжурнай частцы міліцыі.

Алег Волчак падаў скаргу ў пракуратуру аб тым, што Аляксандра Казуліна выкралі людзі ў цывільным, якія не зьяўляюцца супрацоўнікамі міліцыі. Паводле заканадаўства чалавека могуць трымаць у міліцыі ня больш за тры гадзіны. Паплечнікі Казуліна лічаць, што за гэты час на яго складуць адміністрацыйны пратакол за дробнае хуліганства, як гэта было зь іншымі затрыманымі цягам апошніх двух месяцаў. Адміністрацыйны артыкул за гэта прадугледжвае пакараньне штрафам альбо арыштам да 15 сутак.

Радыё Свабода