У Эўрапейскім парлямэнце рыхтуецца новы сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім будзе забаронены уезд на тэрыторыю Эўрапейскага Зьвязу.
Новы сьпіс рыхтуюць сябры Эўрапейскай народнай партыі, якая мае найвялікшую фракцыю ў Эўрапарлямэнце. Палітыкі прапаноўваюць пашырыць колькасьць беларускіх чыноўнікаў, міліцыянтаў, супрацоўнікаў КДБ, дзяржаўных мэдыяў, якім быў бы забаронены ўезд на тэрыторыю 25 краінаў Эўрапейскага Зьвязу на 40 прозьвішчаў — зь 7 да 47.
Сярод іх намесьнік міністра інфармацыі Лідзія Ананіч, былы генэральны пракурор Алег Бажэлка, адзін зь кіраўнікоў беларускага КДБ Леанід Абрамюк, ды іншыя.
Дэпутаты ад Эўрапейскай народнай партыі кажуць, што пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, якія ўжо цяпер, на іхную думку, нельга назваць дэмакратычнымі, сьпіс, падрыхтаваны ў супрацоўніцтве зь беларускімі недзяржаўнымі арганізацыямі, амаль напэўна будзе пашыраны.
Тое, што гэты сьпіс будзе прыняты эўрапейскім парлямэнтам і стане афіцыйай прапановай для Эўрапйескай камісіі ніхто не сумняецца — Эўрапейская народная партыя — найвялікшая ў парлямэнце, але гэтую ініцыятыву падтрымліваюць і іншыя фракцыі, кіраўніцтва Эўрапарлямэнту, напрыклад, віцэ-сьпікер Януш Анышкевіч.
Аляксей Дзікавіцкі
Радыё Свабода