Маці палітвязьняў аб’ядноўваюць сілы

29/03/2006

Пасьля масавых арыштаў і судоў апошняга тыдня маці палітзьняволеных вырашылі аб’яднаць свае намаганьні. Да іх жадаюць далучыцца бацькі ды іншыя сваякі соцень беларускіх палітвязьняў, якія адбываюць цяпер адміністратыўнае й крымінальнае пакараньне, знаходзяцца пад сьледзтвам.

Ініцыятыва стварэньня Камітэту маці палітвязьняў нарадзілася стыхійна ў чэргах ля сьцен турмаў, у судовых калідорах, калі сем’і арыштаваных прыхільнікаў перамен шукалі сваіх, абменьваліся паміж сабой інфармацыяй, разам віталі дзяцей ля турмы на Акрэсьціна, — паведаміла маці аднаго з палітвязьняў, Эла Гарэцкая.

(Гарэцкая: ) «Праца будзе ў тым, каб падтрымліваць усіх, хто патрапляе ў турмы, усялякім чынам. Гэта шмат працы й надоўга».

На гэты час ужо ўтварылася два выразныя колы такіх актывістак, зацікаўленых у стварэньні сваёй структуры. Сувязь паміж імі трымаецца пераважна на асабістых і тэлефонных кантактах, а празь дзень-два адбудзецца ўстаноўчы сход Камітэту маці палітвязьняў. Бліжэйшым часам яны зьбіраюцца сустракацца з прадстаўнікамі ААН, АБСЭ, Чырвонага крыжу.

Гаворыць адна з ініцыятарак заснаваньня Камітэту жонка лідэра апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча Іна Кулей, сын якой, Ігар, адбывае адміністрацыйнае пакараньне, 15 сутак, за ўдзел у акцыях пратэсту супраць несумленных выбараў.

(Кулей: ) «Ідэя паўстала ад некалькіх бацькоў. Сярод іх ёсьць выдатныя арганізатары й агітатары. Адна зь іх — з хлебазаводу (пакуль ня буду называць прозьвішча). Дык гэтая жанчына папросту мітынгі там наладжвала й расказвала, як яе, абсалютна не заангажаваную ў палітыку, сын навучыў не баяцца. Гэта народная ініцыятыва такая — з усіх па ніціне, як кажуць».

Спадарыня Кулей мяркуе: пакуль што ўсе бацькі зацікаўлены адным — як даставіць сваім дзецям-палітвязьням харчовыя й рэчавыя перадачы. Аднак яна верыць, што згуртаваньне маці спатрэбіцца ня толькі цяпер, але й пазьней, калі рэпрэсіі супраць іхных дзяцей набудуць іншыя формы. Істотна, што Іна Кулей мае вялікі досьвед грамадзкай працы, і гатова дзяліцца сваімі высновамі.

(Кулей: ) «Цяпер я бачу, што бацькі давяраюць мне й яшчэ пары-тройцы такіх жанчын. Гэта папросту такое лобі. Я думаю, што гэты камітэт самаарганізуецца й будзе дзейнічаць. І тая справа й праца, якую я рабіла ўсё жыцьцё (грамадзкая дзейнасьць — у нас жа быў такі інкубатар, цэнтар падтрымкі грамадзянскіх ініцыятываў), будзе дапамогай — каб людзі хутчэй маглі арганізавацца».

Жонка арыштаванага лідэра апазыцыі Аляксандра Казуліна Ірына вітала гэтую ініцыятыву:

(Казуліна: ) «Я за стварэньне такога камітэту. Лічу, што гэта вельмі правільна. Але там мусяць быць не абавязкова жанчыны — і мужчыны таксама. І не абавязкова толькі маці, а могуць быць і сябры асуджаных».

Бацька зьняволенай студэнткі Эканамічнага ўнівэрсытэту Іван Вашкевіч таксама хоча далучыцца да гэтай структуры:

(Вашкевіч: ) «Яна будзе прыцягваць увагу да тых парушэньняў, што чыняцца. Па-другое, яна будзе папярэджваць такія факты — каб іх больш не было».

 

Радыё Свабода